Мінск 20:23

З Украінай можна прапрацаваць пытанне гуманітарнага калідору, калі ў Беларусі будзе абвешчаная мабілізацыя — Ціханоўская

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 27 траўня 2026 года ў 11:35

Святлана Ціханоўская на адкрыцці Офіса місіі дэмакратычных сіл Беларусі 26 траўня 2026 года ў Кіеве
Фота: "Позірк"

27 траўня, Позірк. З Украінай можна тэарэтычна прапрацаваць пытанне арганізацыі гуманітарнага калідора на выпадак, калі ў Беларусі будзе абвешчаная мабілізацыя і мужчыны пачнуць масава з’язджаць з краіны. Пра гэта заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, адказваючы на пытанні СМІ падчас адкрыцця Офіса місіі дэмакратычных сіл Беларусі 26 траўня ў Кіеве.

Паводле слоў Ціханоўскай, абвяшчэнне мабілізацыі рэжымам будзе значыць, што дэмсілы не дасягнулі мэты не ўцягнуць беларусаў у вайну. “І трэба будзе разумець, з якіх прычын мы гэта не змаглі [зрабіць], ці мы не змаглі дагрукацца да беларусаў, ці ў дыктатараў ёсць іншыя механізмы, як уцягнуць беларусаў у гэтую вайну. Але, ведаеце, спачатку павінна быць нейкае дзеянне, аб’яўленне мабілізацыі, напрыклад, і мы пабачым, што будзе адбывацца ў той момант”, — адзначыла Ціханоўская.

Як заявіла дэмлідар, пакуль гэта не пачалося, трэба “вельмі шмат працаваць з беларусамі”. “Беларусы разумеюць, што Украіна — гэта нашая суседка, з якой ніколі ў жыцці, у нашай гісторыі не было ніякіх канфліктаў. То бок папярэдзіць: не бярыце грэх на душу, давайце не будзем гісторыю нашага добрасуседства мяняць. Вось гэты наратыў [прасоўваць], што Расія заўжды хацела падчыніць сабе Беларусь, заваяваць нашыя землі, а украінцы — ніколі. Трэба ўжо больш глыбока грукацца да беларусаў, не проста там на ўзроўні чаркі-шкваркі, а мець глыбокае сістэмнае мысленне пра нейкія гістарычныя працэсы”, — лічыць Ціханоўская.

Яна выказала спадзяванне, што “нашыя беларускія медыя і украінскія медыя таксама дапамогуць гэтыя палітычныя наратывы прасоўваць”.

Падзяліцца: