Мінск 19:56

За парушэнне міграцыйнага заканадаўства ў Грузіі затрымана 46 замежных грамадзян, у тым ліку Беларусі

Тбілісі
Фота: "Позірк"

23 траўня, Позірк. 46 замежнікаў, якія незаконна знаходзіліся ў Грузіі, затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў гэтай краіны ў рамках праведзеных па ўсёй тэрыторыі “спецыяльных мерапрыемстваў па іміграцыйным кантролі”.

Паводле інфармацыі, якую прэс-служба грузінскага МУС апублікавала 22 траўня, сярод затрыманых грамадзяне Беларусі, Егіпта, Емена, Індыі, Кітая, Кубы, Нігерыі, Пакістана, Расіі, Судана ды Туркменістана.

“Было высветлена, што затрыманыя асобы знаходзіліся ў краіне з парушэннем патрабаванняў, вызначаных законам Грузіі “Аб прававым становішчы замежнікаў і асоб без грамадзянства”, — гаворыцца ў паведамленні. — Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў часовым цэнтры ўтрымання Дэпартамента міграцыі. Праводзяцца адпаведныя працэдуры па іх выправаджэнні з краіны”.

Адзначаецца, што для выяўлення замежнікаў, якія знаходзяцца ў Грузіі без законных падстаў, супрацоўнікі міграцыйнай службы “праверылі пэўныя месцы і аб’екты рознага прызначэння”. Што гэта за месцы, дзе і колькі было затрымана беларускіх грамадзян, не ўдакладняецца.

На гэтым тыдні “Позірк” паведамляў, што ад пачатку 2026 года МУС Грузіі 20 разоў заяўляла пра выправаджэнне замежнікаў (агулам 1.491). У палове выпадкаў наўпрост згадваліся грамадзяне Беларусі (без пазначэння колькасці; 17 і 25 лютага, 10, 17 і 24 сакавіка, 14 і 30 красавіка, а таксама 5, 13 і 19 траўня).

Раней “Позірк” паведаміў, што сёлета ў першым квартале ўлады Грузіі выслалі рэкордную колькасць беларускіх грамадзян — восем. За ўвесь 2025 год з краіны былі выправаджаныя шэсць грамадзян Беларусі.

У лютым 2026 года прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ паведаміў, што дазвол на жыхарства ў краіне маюць 3.738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў планы выслаць на працягу года 4 тыс. замежнікаў, якія нелегальна знаходзяцца ў краіне, — утрая больш, чым было дэпартавана ў 2025-м годзе (1.311).

Дэпартамент міграцыі МУС пачаў бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак “Позірку”, заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі пра выдварэнне замежнікаў на падставе надуманых прычын.

У 2025 годзе мясцовыя ўлады пастрожылі міграцыйнае заканадаўства — пасля затрымання замежнікаў, найперш грамадзян РФ, якія бралі ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў-2024 і адмовы кіроўнай прарасійскай партыі “Грузінская мара” ад курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам. Сярод затрыманых быў беларус Яўген Муравіцкі, які пасля вызвалення змог вылецець у Літву.

Грузія стала адной з асноўных краін знаходжання беларусаў, уцекачоў ад пераследаў рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазней. Аднак мясцовыя ўлады не задаволілі ніводнага іх хадайніцтва аб наданні прытулку.

Беларусы, якіх пераследуюць з палітычных матываў, асабліва тыя, у каго заканчваецца тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта (з верасня 2023 года пасля ўказа Лукашэнкі яго нельга памяняць у замежных установах Беларусі), пераязджаюць з Грузіі ў Еўрасаюз і атрымліваюць абарону там.

Падзяліцца: