Мінск 15:40

Сустрэча Зяленскага і Лукашэнкі малаверагодная, апошні “не з’яўляецца суб’ектам нават рэгіянальнага ўзроўню” — Падаляк

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк
Відэа: ютуб-канал "Обычное утро" / стоп-кадр: "Позірк"

23 траўня, Позірк. “Мякка кажучы малаверагоднай” назваў магчымасць сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк 22 траўня ў эфіры “Обычного утра” (“Звычайнай раніцы”).

“Лукашэнка не з’яўляецца суб’ектам нават рэгіянальнага ўзроўню, адпаведна не ён вызначае тыя эскалацыйныя ўзроўні рызык, якія сёння з’яўляюцца”, — заявіў ён.

Падаляк адзначыў, што Беларусь брала і бярэ ўдзел у развязанай Расіяй вайне супраць Украіны (“афіцыйны Мінск, зразумела, што не грамадзянскае насельніцтва”).

“Я рэкамендую ўсім вельмі моцна падзяляць беларусаў і рускіх — гэта зусім розныя з пункту гледжання разумення рэалій сённяшняга дня і гістарычнай ментальнасці людзі, — сказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. — Калі рускія атрымліваюць асалоду ад масавага забойства і гвалту, то беларусы, безумоўна, далёкія ад гэтага і, вядома ж, не вітаюць вайну”.

Аргументуючы сваю пазіцыю, чаму з Лукашэнкам “бессэнсоўна размаўляць”, Падаляк задаўся пытаннем: “На што ён уплывае, якія ён мае парогі ўплыву, дзе ён можа нешта вызначаць?”

“Захоча суб’ект Пуцін выкарыстаць Беларусь у якасці плацдарма для атакі — будзе выкарыстоўваць (тут іншае пытанне, ці мае суб’ект Пуцін сёння нейкія рэсурсы для гэтага? Гэта не 2022 год), — заявіў госць эфіру. — Не захоча — не будзе выкарыстоўваць, але тым не менш Беларусь заўсёды будуць выкарыстоўваць, на жаль, таму што гэта не суб’ектная — яшчэ раз падкрэсліваю — пры Лукашэнку краіна для правакацыйных дзеянняў у дачыненні да той жа Літвы, Польшчы ці Украіны”.

“Пра нешта дамаўляцца з Лукашэнкам — я нават не ведаю… Як вы можаце мець зносіны з чалавекам, які хлусіць увесь час? Ён схлусіў раз, схлусіў два, ні на што не ўплывае, фанфарончык, фантасмагарычныя нейкія сцэнарыі распавядае: “Я тут ведаю, я тут не ведаю. Ядзерную зброю маю”. Учора Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ўпершыню сказала пра тое, што перадало “Іскандэр-М” — адну ракету з ядзернай баявой часткай, вось гэтая ядзерная зброя, якая ў Беларусь прыйшла і якая адтуль сыдзе пасля вучэнняў (21-га яно мелася скончыцца, і [ядзерная зброя] мусіла адтуль сысці). Усё астатняе — гэта казкі не Венскага лесу, а Белавежскай пушчы, якія Лукашэнка перыядычна распавядае”, — дадаў спікер.

Падаляк нагадаў, што вайна “ідзе ўжо чатыры гады”, Украіна ваюе “з вялікай рэсурснай краінай, дзе шмат непатрэбнай жывой сілы, Расійскай Федэрацыяй — тэхналагічна адсталай абсалютна мёртвай цывілізацыяй, аскепкам цывілізацыі, якая хоча проста забіваць суседзяў”.

“Але за чатыры гады сітуацыя ў гэтай вайне кардынальна змянілася: сёння зноў Украіна, перахапіўшы ініцыятыву, стабільна і сістэмна выносіць экспартна-арыентаваныя галіны Расіі, незалежна ад адлегласці, дзе знаходзяцца тыя ж НПЗ, знішчае іх, гэтак жа хімгаліну выносіць, выносіць вайсковую вытворчасць — гэта будзе нарастаць, тут няма сумневаў, — сказаў ён. — Тэрыторыя Беларусі ў параўнанні з тэрыторыяй Расіі значна меншая і нашмат зручней прастрэльваецца. Маючы той назапашаны досвед выкарыстання дальнабойных інструментаў, слухаць нейкія там заявы Лукашэнкі, што ён некуды ўмяшаецца, нешта будзе рабіць…”

“Мне здаецца, існуе добры кірунак, называецца ён клінічная псіхалогія з пераходам у псіхіятрыю. Яму там трэба паразмаўляць, каб яму патлумачылі адпаведнасць таго жыццёвага месца, якое ён займае, тым заявам, якія ён робіць. Хоць, знаходзячыся 32 гады ва ўладзе, ты будзеш, безумоўна, у нейкім лунанні знаходзіцца. Падагульняючы пытанне, бессэнсоўна размаўляць з пустым месцам”, — заявіў Падаляк.

На пытанне, ці быў бы магчымы дыялог, калі б рэжым прызнаў, што надаў тэрыторыю краіны для нападу на Украіну ў 2022 годзе, дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны адказаў, што Лукашэнка “не будзе каяцца, не лічыць сябе ў нечым вінаватым, наадварот, хоча атрымаць нейкую выгаду за кошт іншых”.

“Адзіны момант, калі ён можа прызнаць віну — для таго, каб змякчыць юрыдычныя наступствы, [будзе] як толькі суб’ект Пуцін, калі ён выжыве, будзе сядзець на лаве падсудных”, — падкрэсліў Падаляк.

З 18 па 21 траўня Расія і Беларусь праводзілі вучэнні па выкарыстанні ядзернай зброі. У апошні дзень Лукашэнка наведаў ракетную брыгаду Узброеных сіл Беларусі ў Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць).

“Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939–1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі <…>. Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся паводле поўнай праграмы. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць”, — сказаў ён падчас візіту.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны ўчыняць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай”, — дадаў Лукашэнка, прапанаваўшы Зяленскаму сустрэцца.

Актыўнасць Украіны на сваіх паўночных тэрыторыях, якія былі часткова акупаваныя ў лютым і сакавіку 2022 года расійскімі войскамі, што ўварваліся з Беларусі, значна павялічылася на фоне візіту ў краіну беларускага дэмакратычнага лідэра Святланы Ціханоўскай, які цяпер рыхтуецца.

Кіраўнік МЗС Украіны назваў “дзіўнай" прапанову Лукашэнкі сустрэцца з Зяленскім і анансаваў візіт Ціханоўскай

22 траўня, Позірк. Прапанова Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая прагучала 21 траўня, з'яўляецца “вельмі дзіўнай“. Такую заяву, паводле інфармацыі “Еўрапейскай праўды“, зрабіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга на анлайн-канферэнцыі падчас вяртання з міністэрскай сустрэчы НАТО …
Падзяліцца: