Мінск 22:40

Літоўскія памежнікі затрымалі паляка з буйной сумай грошай, які меў намер трапіць у Беларусь праз плот на мяжы

Фота: vsat.lrv.lt

22 траўня, Позірк. Аб затрыманні памежнікамі Друскінінкая прыкладна за 200 метраў ад мяжы з Беларуссю грамадзяніна Польшчы, які спрабаваў незаконна перабрацца ў Беларусь, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

Адзначаецца, што 20 траўня памежнікі з дапамогай тэхнічных сродкаў зафіксавалі верагоднае парушэнне ў зоне аховы дзяржаўнай мяжы недалёка ад вёскі Ясканяй, у лясістай мясцовасці. Памежнікі, якія прыбылі на месца, затрымалі мужчыну. Ён прад’явіў супрацоўнікам САДМ пасведчанне асобы, з якога высветлілася, што затрыманы — 44-гадовы грамадзянін Польшчы.

На месцы здарэння памежнікі выявілі ровар замежніка, сумкі, спальны мяшок і іншыя асабістыя рэчы, у тым ліку малаток, нажы і цвікі. У адной з сумак былі ўкладзеныя ў канверты долары ЗША і польскія злотыя — у эквіваленце амаль 60 тыс. еўра.

Побач з месцам затрымання супрацоўнікі САДМ знайшлі драўляныя самаробныя лесвіцы. Грамадзянін Польшчы патлумачыў, што меў намер з іх дапамогай пераадолець прызначаны для абароны ад мігрантаў з Беларусі фізічны бар’ер, усталяваны з літоўскага боку, які складаецца з ахоўнага плота і агароджы з калючага дроту.

Затрыманага памежнікі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Па факце спробы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы і кантрабанды (грошай) у Варэнскім памежным атрадзе САДМ распачатае дасудовае расследаванне, якім кіруе пракурор 2-га аддзела крымінальнага пераследу Каўнаскай акруговай пракуратуры.

Адзначаецца, што найбольш строгае пакаранне, прадугледжанае законам за такія злачынныя дзеянні, — пазбаўленне волі на 8 гадоў.

21 траўня суд абраў грамадзяніну Польшчы меру стрымання ў выглядзе месячнага арышту.

Падзяліцца: