BelPol: З траўня 2020 года ў Беларусі рэпрэсавана паўмільёна чалавек

22 траўня, Позірк. Агульная колькасць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае 500 тыс. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе “Аб рэальным маштабе палітычных рэпрэсій у Беларусі”, прадстаўленым арганізацыяй BelPol на III Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі 22 траўня ў Вільнюсе.
Са спасылкай на праваабарончую ініцыятыву Dissidentby адзначаецца, што ў 2020 годзе было зафіксавана 190 новых выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу грамадзян (вызваленняў не было), у 2021-м — 1.595 (75), 2022-м — 2.363 (258), 2023-м — 1.582 (618), 2024-м — 1.761 (813), 2025-м — 1.346 (606), у першым квартале 2026-га — 314 (309).
У дакладзе адзначаецца, што ў 2024 годзе ўлады “пачалі хаваць звесткі аб судовых пасяджэннях і прысудах, што абцяжарыла доступ праваабаронцаў да інфармацыі”, таму прыведзеная статыстыка за апошнія гады няпоўная.
“Інфармацыя з колькаснымі паказчыкамі таксама пацвярджае, што ні пра якое “паслабленне” рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму і пра яго “гуманізацыю” гаворка не ідзе. Колькасць новых выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу перавышае колькасць вызваленых і асоб, якія адбылі пакаранне”, — падкрэсліваюць аўтары.
BelPol адзначае, што само заканадаўства з 2020 года змянілася “не так істотна”, але яго трактоўка ўладнымі структурамі “істотна памянялася”. У прыватнасці, “дзеянні, якія раней лічыліся цалкам бяскрыўднымі альбо дробным правапарушэннем, раптам ператварыліся ў злачынствы, у тым ліку цяжкія”.
“Паняцці “тэрарызму” і “экстрэмізму” <…> пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сталі істотна адрознівацца ад агульнасусветнай практыкі. У афіцыйны пералік фізічных асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці (спісы “тэрарыстаў”) КДБ Беларусі ўключае з розных падставаў, у тым ліку пры асуджэнні па 28 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Важная акалічнасць: падчас палітычных рэпрэсій мінскім рэжымам нярэдка ўжываецца “зваротная сіла закона”. Гэта значыць грамадзяне караюцца за “правапарушэнні” і “злачынствы”, якія такімі не з’яўляліся згодна з нормамі заканадаўства, якія дзейнічалі на момант здзяйснення інкрымінаваных ім дзеянняў (напрыклад за падпіскі на інтэрнет-СМІ альбо данаты арганізацыям, якія на той момант не былі прызнаныя “экстрэмісцкімі”)”, — гаворыцца ў дакладзе.
Сёння, як адзначае BelPol, фактычна пад вызначэнне “экстрэмізм” стала падпадаць “любая апазіцыйная дзейнасць і “іншадумства”, а за любую сувязь з “экстрэмізмам” ідзе крымінальнае пакаранне”.
Акрамя таго, аўтары звяртаюць увагу на праблемы, з якімі сутыкнуліся былыя палітвязні. Да гэтай катэгорыі асоб у Беларусі часцяком ужываюцца меры па “прэвентыўным наглядзе” альбо “прафілактычным назіранні”, у сувязі з чым многія з іх істотна абмежаваныя ў правах.
У прыватнасці, такія грамадзяне абавязаны: стаць на ўлік у міліцыі і некалькі разоў на месяц з’яўляцца для праверкі; апавяшчаць “органы ўнутраных спраў” пра змену месца жыхарства; не наведваць пэўныя месцы (напрыклад, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы); не пакідаць сваё жыллё ў пэўны час сутак (напрыклад, з 19 да 6 гадзін); не выязджаць за межы раёна (горада) па службовых і асабістых справах без згоды органа ўнутраных спраў; не выязджаць за мяжу.
За невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду альбо за ўхіленне ад яго, прадугледжанае крымінальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі (арт. 421 і 422 КК).
Гэта значыць, робяць выснову аўтары, многія былыя палітвязні “знаходзяцца пад пагрозай зноў апынуцца ў месцах пазбаўлення волі”. Акрамя таго, “да іх ужываюцца і меры ціску, не прадугледжаныя заканадаўствам”. Напрыклад, выклік у міліцыю на “прафілактычныя гутаркі”, накіраванне на прымусовыя работы, якія зневажаюць чалавечую годнасць — уборку вуліц, збор камянёў на сельскагаспадарчых палях.
Гэтыя мерапрыемствы асвятляюць прапагандысцкія СМІ, якія заяўляюць, што такім чынам палітвязні “ўсведамляюць і выпраўляюць сваю віну перад дзяржавай“.
На думку BelPol, рэжым “свядома стварае” былым палітвязням “невыносныя ўмовы на тэрыторыі Беларусі”: “Гэта значыць вызваленне з месцаў пазбаўлення волі для былых палітзняволеных на самай справе ніякай “свабоды” не прыносіць. Нярэдка рэжым пазбаўлення волі для іх фактычна проста змяняецца на пакаранне ў выглядзе “абмежавання волі”. У выніку ні пра якое “нармальнае” жыццё, нават у перспектыве, для іх казаць не даводзіцца, многія былыя палітвязні вымушаныя з’язджаць з Беларусі”.
Яшчэ адным відам рэпрэсій у дакладзе называецца “выправаджэнне грамадзян Беларусі за межы краіны”, паколькі такая працэдура “не прадугледжаная ніякімі нацыянальнымі прававымі нормамі і супярэчыць палажэнням Канстытуцыі”. Прававы статус “памілаваных” палітвязняў незразумелы — афіцыйных актаў памілавання няма.
“Таму ў гэты перыяд перспектывы, нават у вызваленых палітвязняў, якія пакінулі Беларусь, зусім не вясёлкавыя. Многіх з іх чакае не годнае і бяспечнае жыццё, а выжыванне і нявызначанасць у чужой краіне”, — робіць выснову BelPol.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сотні тысяч грамадзян падпісваліся за ўсіх кандыдатаў адначасова, але былі і тыя, хто падпісаўся толькі за аднаго або двух апазіцыйных. Таму, гаворыцца ў дакладзе, “калі лічыць па подпісах, здадзеных у ЦВК, рэжым атрымаў даныя прыкладна 400 тыс. апазіцыйна настроеных да дыктатара асоб”.
“Гэтая катэгорыя грамадзян таксама зазнала рэпрэсіі. Усе “падпісанты” за апазіцыйных кандыдатаў былі звольненыя з дзяржаўнай і вайсковай службы, а таксама з праваахоўных і сілавых структур. Многія з іх былі звольненыя з дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый, альбо ім не падоўжаныя чарговыя працоўныя кантракты. Тыя, хто не быў звольнены (бо ўсіх і адразу замяніць аказалася немагчыма), знаходзяцца пад пастаянным кантролем і маральным прэсінгам з боку кіраўніцтва, іх кар’ерны рост пад забаронай”, — падкрэсліваюць аўтары.
Ёсць і іншыя, менш шматлікія катэгорыі грамадзян. Напрыклад, як адзначаецца, людзі, якія “не былі затрыманыя, але фізічна і псіхічна пацярпелі падчас разгону мірных пратэстаў сілавікамі, а таксама праз затрыманне сяброў, сваякоў і г.д.”.
Названая лічба ў 500 тыс. рэпрэсаваных “можа вырасці ў разы”, калі да іх дадаць блізкіх сваякоў, на якіх таксама “распаўсюдзіліся негатыўныя наступствы”, адзначае BelPol.


- Грамадства, ПалітыкаПроста вызвалення тых, хто знаходзіцца ў няволі з палітычных матываў, мала для выхаду з гуманітарнага крызісу — ДэйкалаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаПрадстаўнік BelPol заклікаў павялічыць маштаб санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, якіх зараз "вельмі мала"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ваенна-патрыятычных лагерах у дзяцей не павінна быць вольнага часу — ідэолаг Мінабароны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ Мінску штодня выяўляецца 30 новых выпадкаў цукровага дыябетуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваЛіквідацыя ёдадэфіцыту за 10 гадоў удвая знізіла захворванне валлём ў дзяцей — эндакрынолаг (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаРэпрэсіі супраць журналістаў застаюцца на тым жа ўзроўні, мяняецца толькі форма пераследу — намеснік старшыні БАЖМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
