Мінск 13:07

Рабкова пра вызваленне палітвязняў: Нават маленькія крокі вядуць да вялікіх перамен

Праваабаронца Марфа Рабкова
Фота: "Позірк"

22 траўня, Позірк. Кожны чалавек можа паўплываць на тое, што адбываецца вакол сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі, заявіла каардынатар валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна” Марфа Рабкова 22 траўня ў Вільнюсе.

Былая вязень выступіла з праграмнай прамовай у другі дзень вільнюскай часткі III Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі.

“Не трэба рабіць вялікіх спраў і вялікіх подзвігаў, але кожны з нас можа нават у гэты вечар зрабіць хоць нешта для таго, каб нашыя палітзняволеныя хутчэй выйшлі на свабоду, — упэўненая яна. — Пачаць можна з малага, гэта тое, што пад сілу кожнаму і кожнай: напішыце пост у сацсетках, праявіце салідарнасць, памятайце пра іх, асабліва пра тых, пра каго амаль ніхто не ведае, хто не такі вядомы. Дапамагайце іх сем’ям без залішніх слоў. Я веру, што нават такія маленькія крокі вядуць да вялікіх перамен”.

Сярод удзельнікаў кангрэса, паводле слоў Рабковай, ёсць людзі, якія “маюць пэўны ўплыў і аўтарытэт”, іх голас “можа паўплываць на будучыню” беларусаў. Спікер заклікала іх “не зачыняцца ў сабе, размаўляць з людзьмі”: “Нават з тымі, хто не прымае нашу пазіцыю і нашы меркаванні”.

“Я лічу, што дыялог — наш галоўны інструмент, якім нам усім трэба вучыцца карыстацца. А мовай нашага дыялогу павінны стаць любоў і салідарнасць”, — падкрэсліла яна.

Акрамя вызвалення палітвязняў наперадзе шмат іншай працы і выклікаў, канстатавала праваабаронца. “Я веру, што калі мы навучымся прымаць і разумець адзін аднаго, навучымся размаўляць і знаходзіць агульнае, што ёсць у нас усіх — а гэта любоў да нашай краіны і адказнасць за Беларусь, то ўсё ў нас атрымаецца, і надыдзе той час, калі мы зможам вярнуцца дадому”, — сказала Рабкова.

Прадстаўніца “Вясны” заклікала не забывацца на тых, хто “быў вымушаны пакінуць свой дом”, бо гэтым людзям “вельмі патрэбная падтрымка”.

“Сацыялізацыя і пошук свайго месца ў новым жыцці — гэта складаны шлях. Звярніце ўвагу на блізкіх і знаёмых — ці не патрэбная ім дапамога. Будзьце чулымі і падтрымлівайце адзін аднаго. Таму я прашу ўсіх датычных людзей спытаць у сябе: “Што я тут раблю зараз?” І зрабіце хаця б маленькі крок да таго, каб словы ў гэтым зале пераўтварыліся ў канкрэтныя дзеянні і канкрэтныя вынікі. Давайце ратаваць жыццё нашых людзей”, — падсумавала Рабкова.

Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. Праз два гады, 6 верасня 2022-га, яе прыгаварылі да 15 гадоў зняволення па палітычна матываванай “справе анархістаў” (пасля разгляду скаргі тэрмін быў скарочаны да 14 гадоў і 9 месяцаў). Была вызваленая 19 сакавіка 2026 года ў ліку 250 вязняў пасля чарговых перагавораў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам.

Падзяліцца: