Зяленскі заявіў пра ўзмацненне групоўкі войскаў каля мяжы з Беларуссю

22 траўня, Позірк. Пра ўзмацненне групоўкі войскаў каля мяжы з Беларуссю заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і суполак у Славуцічы (Кіеўская вобласць) 21 траўня.
“Найперш перадумовай любых эскалацый можа быць слабасць. Вораг выразна разумее, ці мы моцныя, ці слабыя, ці ёсць у нас моцныя Узброеныя сілы на гэтым кірунку, адпаведныя брыгады, адпаведная колькасць асабістага складу, зброя, фартыфікацыйныя збудаванні, ці гэтага няма. Таму што я лічу ў прынцыпе: ад любых хворых думак ворага абараняе наяўнасць асабістага складу“*, — адзначыў Зяленскі.
Паводле яго слоў, 20 траўня на пасяджэнні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага на падставе інфармацыі “розных выведак“ адносна “магчымай, патэнцыйнай эскалацыі з боку ворага“ прынятыя “адпаведныя рашэнні“.
“Мы будзем узмацняць асабовым складам гэты кірунак”, — сказаў прэзідэнт.
Зяленскі заявіў, што ўкраінскія выведслужбы “вывучылі ўсе імаверныя сцэнары, якія могуць быць, усе кірункі, якія могуць быць“. “Я думаю, нават прадбачым тыя, якія вораг нават не бачыць. І па ўсіх гэтых напрамках мы зробім так, каб у насельніцтва была ўпэўненасць у тым, што Украіна абароненая: Узброеныя сілы на месцы, адпаведнае ўзбраенне ёсць, у неабходнай колькасці асабісты склад на месцы“, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, нават калі вораг разглядае патэнцыйныя крокі, ён будзе бачыць, якія тут сілы, і “жаданне [напасці] будзе адпадаць“.
“Таксама мы гаворым пра лінію абароны ад варожых дронаў, ракет і г.д. Таму што рызыкі, звязаныя з любымі наступальнымі дзеяннямі, скажам так, не памяншаюць пастаяннай рызыкі штодзённых паветраных удараў. Таму з гэтым трэба ўвесь час працаваць, і мы працуем у гэтым кірунку“, — падкрэсліў Зяленскі.
“Мы ведаем, як далятае, як балюча Чарнігаўшчыне, як балюча Кіеўшчыне, — адзначыў ён. — І мы ведаем, што ўсе нашы вобласці ля мяжы з Расіяй ці Беларуссю, або абшчыны, якія знаходзяцца на кантактнай лініі з часова акупаванымі тэрыторыямі, — усюды там нялёгка, вельмі цяжка“.
Як лічыць прэзідэнт, рызыку паўторнай эскалацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы зніжаюць выкананне “Плана стойкасці“ (прыняты ў лістападзе 2024 года, складаецца з 10 пунктаў: “Зброя“, “Энергетыка“, “Чалавечы капітал“ і інш.), “узмацненне абароны паўночнага напрамку — Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны“, умацаванне фартыфікацыйных збудаванняў, дастатковая колькасць Узброеных сіл.
“Пакуль вайна не скончылася, казаць, што рызык стала менш, з-за суседства з ворагам, было б абсалютна цынічна. Нават казаць пра гэта было б несумленна”, — заявіў Зяленскі.
Паводле яго слоў, “тыя ці іншыя пагрозлівыя дзеянні“ з беларускага боку або з боку Расіі на паўночным кірунку “з пачатку вайны не заканчваліся”.
“З вялікай павагай стаўлюся таксама да грамадства вашых абшчын, як вы перажылі акупацыю або частковую акупацыю (у пачатковы перыяд поўнамаштабнага ўварвання Расіі пры падтрымцы Беларусі ў лютым–сакавіку 2022 года. — “Позірк“.). Усе выдатна разумеюць, што Украіна не можа дапусціць нават адсотка паўтарэння такіх рызык для нашых людзей“, — падкрэсліў украінскі кіраўнік.
“Гэта не пра тое, што я хачу ўсіх супакоіць, — удакладніў Зяленскі. — Я проста хачу, каб мы адэкватна рэагавалі на любыя рызыкі. Каб мы дакладна разумелі, дзе мы, што мы робім, на што разлічваем“.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў прыгранічных рэгіёнах айчыннаму бізнесу даводзіцца асабліва складана: “Гэта ж не проста [на мяжы] з Беларуссю, гэта ў прыграніччы з вайной. Адлегласць маленькая, прылётаў больш“.
Па выніках паездкі ў Славуціч Зяленскі заявіў, што ва Украіны “ёсць магчымасць прэвентыўна працаваць <…> і ў дачыненні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі, якое павінна быць у тонусе, г.зн. адчуваць рэальна, што наступствы будуць, калі будуць агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, супраць нашых людзей“.
21 траўня Аляксандр Лукашэнка наведаў Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці, дзе дыслакуецца ракетная брыгада Узброеных сіл Беларусі, якая брала ўдзел у сумесных з Расіяй манеўрах з выкарыстаннем ядзерных сіл.
“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны зробяць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай“, — сказаў Лукашэнка. Ён прапанаваў Зяленскаму сустрэцца і зноў назваў яго Валодзем.
Па відэасувязі ў манеўрах на тэрыторыі Асіповіцкага раёна ўдзельнічалі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і расійскія генералы.
*Працытаванапаводле відэафрагментаў, апублікаваных Офісам прэзідэнта Украіны
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ваенна-патрыятычных лагерах у дзяцей не павінна быць вольнага часу — ідэолаг Мінабароны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ Мінску штодня выяўляецца 30 новых выпадкаў цукровага дыябетуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваЛіквідацыя ёдадэфіцыту за 10 гадоў удвая знізіла захворванне валлём ў дзяцей — эндакрынолаг (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаРэпрэсіі супраць журналістаў застаюцца на тым жа ўзроўні, мяняецца толькі форма пераследу — намеснік старшыні БАЖМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



