Мінск 21:10

Кіраўнік МЗС Украіны назваў “дзіўнай” прапанову Лукашэнкі сустрэцца з Зяленскім і анансаваў візіт Ціханоўскай

Андрэй Сібіга і Святлана Ціханоўская на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці 4 траўня 2026 года ў Ерэване (Арменія)
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

22 траўня, Позірк. Прапанова Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая прагучала 21 траўня, з’яўляецца “вельмі дзіўнай“. Такую заяву, паводле інфармацыі “Еўрапейскай праўды“, зрабіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга на анлайн-канферэнцыі падчас вяртання з міністэрскай сустрэчы НАТО ў Хельсингборгу (Швецыя).

СМІ ўдакладняе, што Сібіга “пракаментаваў нядаўнія заявы беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, якога, паводле слоў міністра, Украіна працягвае лічыць саўдзельнікам злачынства супраць Украіны і патрабаваць яго пакарання”.

Кіраўнік МЗС даў зразумець, што Кіеў не мае такой зацікаўленасці. “У бліжэйшы час мы чакаем ва Украіне Ціханоўскую, таму нам ёсць з кім гаварыць па ўсіх пытаннях адносна Беларусі“, — сказаў Сібіга.

“Еўрапейская праўда” паведамляе, што, паводле яе звестак, візіт Ціханоўскай можа адбыцца на наступным тыдні.

Каментуючы планы Украіны на беларускім трэку, Сібіга падкрэсліў, што лічыць роднаснымі гістарычныя мэты Украіны і Беларусі. “Мы павінны дапамагчы Беларусі стаць еўрапейскай калегай, таму што Беларусь — гэта таксама Еўропа“, — патлумачыў ён.

21 траўня Лукашэнка ў чарговы раз заявіў пра сваю падрыхтоўку да вайны. “Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939-1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі. <…> Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся напоўніцу. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць“, — сказаў ён дзяржСМІ, наведваючы ракетную брыгаду УС у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзе прайшлі манеўры ў рамках “сумеснай з Расіяй трэніроўкі ядзерных сіл“.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны зробяць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай“, — дадаў Лукашэнка, прапанаваўшы Зяленскаму сустрэцца.

15 траўня стала вядома, што адказным за сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў МЗС Украіны прызначаны гісторык, дырэктар праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў рады замежнай палітыкі “Украінская прызма“ Яраслаў Чарнагор.

4 траўня на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване Ціханоўская і Сібіга абмеркавалі пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі, што “ствараюць новыя рызыкі для Украіны і бяспекі Еўропы”.

На V Канферэнцыі беларусаў свету 1 траўня ў Варшаве дэмлідар паведаміла, што яе візіт ва Украіну рыхтуецца, але “не ўсё так проста з гэтым, бо ёсць лагістычныя складанасці і таксама графік прэзідэнта [Уладзіміра] Зяленскага“.

Пра тое, што плануецца візіт Ціханоўскай ва Украіну, стала вядома па выніках яе першай паўнавартаснай сустрэчы з Зяленскім 25 студзеня ў Вільнюсе.

Пасля яна меркавала, што паездка можа адбыцца ў канцы лютага — пачатку сакавіка, пазней — выказвала надзею, што ў яе атрымаецца сустрэць ва Украіне Дзень Волі (25 сакавіка).

25 сакавіка яе дарадца ў дыпламатычных пытаннях, кіраўнік вільнюскага офіса Дзяніс Кучынскі заявіў “Позірку“, што візіт адбудзецца “ў хуткім часе”. На пытанне, чаму візіт пакуль не адбыўся, суразмоўца адзначыў, што “не было нейкай зафіксаванай даты”.

“Ідзе працэс вызначэння календароў мерапрыемстваў, дат візіту. Плюс гэта Украіна, мы павінны паведаміць [пра візіт], калі будзе бяспечна. Гэты візіт адбудзецца ў хуткім часе. Гэта не быў перанос візіту — ідзе абмеркаванне дат і фармату“, — сказаў Кучынскі.

Падзяліцца: