ЗША захаваюць да сярэдзіны чэрвеня 2027 года падставы для дзеяння санкцый супраць Беларусі

23 траўня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі захаваюць рэжым нацыянальнай надзвычайнай сітуацыі ў дачыненні да Беларусі да сярэдзіны чэрвеня 2027 года, вынікае з апавяшчэння, падпісанага 21 траўня прэзідэнтам Дональдам Трампам.
Дакумент пакуль размешчаны ў раздзеле папярэдніх публікацый Федэральнага рэестра ЗША — для азнаямлення грамадскасці — і афіцыйна будзе апублікаваны ў рэестры 26 траўня, але дэ-факта ўжо мае юрыдычную сілу.
Як і раней, у апавяшчэнні нагадваецца, што гэты рэжым быў уведзены ў 2006 годзе “для супрацьдзеяння неардынарнай і надзвычайнай пагрозе нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў”, спароджаных “дзеяннямі і палітыкай асобных членаў урада Беларусі ды іншых асоб, скіраванымі на падрыў дэмакратычных працэсаў або інстытутаў Беларусі”.
“Гэта выявілася ў прынцыпова недэмакратычных выбарах у сакавіку 2006 года; у здзяйсненні парушэнняў правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, уключаючы затрыманні і знікненні; а таксама ва ўдзеле ў карупцыі ў дзяржаўным сектары, у тым ліку праз адвядзенне ці неправамернае выкарыстанне дзяржаўных актываў Беларусі або злоўжыванне дзяржаўнымі паўнамоцтвамі”, — адзначана ў дакуменце.
У жніўні 2021 года сфера дзеяння рэжыму НС была пашырана з прычыны “згубнай дзейнасці беларускага рэжыму і злоўжыванняў, што працягваюцца на працягу доўгага часу, скіраваных на падаўленне дэмакратыі і ажыццяўлення правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”. У гэтым кантэксце згаданыя “незаконныя і рэпрэсіўныя дзеянні, якія вынікаюць з сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня <…> і іх наступстваў — ліквідацыі палітычнай апазіцыі і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама дзеянняў рэжыму па парушэнні і стварэнні пагроз міжнародным грамадзянскім авіязносінам”.
Трамп прызнаў, што “дзеянні і палітыка асобных членаў урада Беларусі ды іншых асоб, а таксама згубная дзейнасць і працяглыя злоўжыванні беларускага рэжыму працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША”, а таму рэжым НС “мае заставацца дзейным пасля 16 чэрвеня 2026 года”. У сувязі з гэтым ён прыняў рашэнне падоўжыць гэты рэжым яшчэ на год.
Дакумент, які амерыканскія кіраўнікі падаўжаюць ужо 19 гадоў, з 2007 года, закладвае прававыя падставы для санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Адметна, што з мінулага года амерыканскія ўлады, якія актыўна вядуць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, з большага здымаюць санкцыі з суб’ектаў, наўпрост ці ўскосна звязаных з яго рэжымам. У абмен на свабоду выходзяць групы беларускіх палітвязняў.
Напрыклад, у жніўні 2021 года былі скасаваныя абмежавальныя меры з зарэгістраванай у Беларусі і на Кіпры будаўнічай кампаніі “Дана Холдынгс” сербскіх бізнесменаў Карычаў, а таксама з яе кіраўніка, грамадзяніна Сербіі і Кіпра Небойшы Карыча.
У верасні 2025-га ЗША разблакавалі частку аперацый з авіякампаніі “Белавія”, а ў лістападзе — скасавалі санкцыі, якія дзейнічалі ў дачыненні да яе.
У снежні таго ж года ЗША дазволілі правядзенне аперацый з прадпрыемствам “Беларуськалій” ды Беларускай калійнай кампаніяй, а ў сакавіку 2026-га — знялі з іх абмежаванні, таксама дазволілі аперацыі з удзелам “Белінвестбанка”, “Белінвест-Інжынірынгу”, “Белбізнеслізінгу” ды арганізацыямі, у якіх тыя маюць долю мінімум 50%.
Разам з тым сёлета ў траўні пад санкцыі трапіла зарэгістраваная ў Мінску кампанія Armory Alliance (ТАА “Армары Альянс”), яе выканаўчы дырэктар Махамед Алі Талібаў (беларускі грамадзянін) і супрацоўнік грамадзянін Ірана Махамадмахдзі Малекі, які знаходзіцца ў Беларусі. Абмежаванні былі ўведзеныя за дапамогу Ірану ў набыцці вайсковай прадукцыі.
Першапачаткова прэзідэнт ЗША Джордж Буш-малодшы ўвёў рэжым НС у дачыненні да Беларусі пасля асуджэння экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Казуліна (быў прыгавораны да 5,5 года зняволення, але выйшаў на волю ў жніўні 2008-га).
Тады пад абмежаванні трапілі Лукашэнка, намеснік кіраўніка яго адміністрацыі Наталля Пяткевіч (цяпер — намесніца прэм’ер-міністра), міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, камандзір САХР Дзмітрый Паўлічэнка, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына і дарадца Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы, яго старэйшы сын Віктар Лукашэнка.
Большасць згаданых асоб ужо не займае пазначаныя пасады, некаторыя з іх не жывуць у Беларусі.

- Эканоміка
- ЭканомікаУ першым квартале доля стратных арганізацый у гадавым вымярэнні вырасла ва ўсіх рэгіёнах Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на 5-м месцы на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у красавіку, на перадапошнім — з пачатку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЗа тры тыдні траўня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 1.780 спробаў пранікнення мігрантаў з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваНа беларускіх метэастанцыях за апошнія тры дні зафіксавана 12 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаПроста вызвалення тых, хто знаходзіцца ў няволі з палітычных матываў, мала для выхаду з гуманітарнага крызісу — ДэйкалаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаПрадстаўнік BelPol заклікаў павялічыць маштаб санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, якіх зараз "вельмі мала"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка

