Мінск 13:38

Зяленскі: Рускія і беларусы страцяць усіх, каго пашлюць на паўночным кірунку

Уладзімір Зяленскі
Архіўнае фота: Офіс прэзідэнта Украіны

23 траўня, Позірк. Украінская цэнтральная ўлада будзе дапамагаць абшчынам уздоўж мяжы з Беларуссю з фінансаваннем умацаванняў, павялічваць колькасць асабовага складу Узброеных сіл на гэтых кірунках. Пра гэта заявіў* прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Ровенскую вобласць 22 траўня.

“Мы хочам, каб пра гэта рускія і беларусы ведалі: што іх рызыкі і ў наступальных дзеяннях на гэтым кірунку — гэта страта цалкам той колькасці людзей, якія прыйдуць“, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Вы ведаеце, што цяпер мы пачалі глядзець [на поўнач] акрамя кірункаў, на якіх мы задзейнічаныя, якім надаюць увагу нашы Узброеныя сілы і Міністэрства абароны, увесь урад — усходнім, паўднёвым, там, дзе найбольшыя атакі [праціўніка], найбольшая інтэнсіўнасць і ўсе сілы кідаем туды“, — адзначыў Зяленскі.

На яго думку, на поўначы “у рускіх дакладна нічога не атрымаецца“, “проста да гэтага трэба ставіцца прафесійна, мець адпаведную колькасць войскаў, сродкаў“, “і фартыфікацыйныя збудаванні, і кругавая абарона“.

Адказваючы на пытанне аб размяшчэнні ў паўночных абшчынах дальнабойнага ўзбраення ў сувязі з пагрозамі выкарыстання ядзернай зброі і ракет “Іскандэр“ з беларускай тэрыторыі, Зяленскі заявіў: “Я не буду дэталёва казаць, што ў вашых абшчынах будзе, таму што ў нас публічная сустрэча. Вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі, няхай гэта будуць ядзерныя або звычайныя, — для нас гэта сігнал проста ўзмацняцца. Гэта не сігнал, што яны пойдуць у наступ, але мы і не павінны на гэта глядзець, маўляў, нічога не будзе. Лепш будзе не толькі ўзмацняцца, але і яшчэ і перадаць беларусам: вось, глядзіце, на якім узроўні мы гатовыя. Не ўсе дэталі, але каб яны ведалі, што іх чакае“.

Увечары 22 траўня па выніках тэлефонных перамоваў з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам і прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Зяленскі паведаміў, што “асобна праінфармаваў“ іх аб “расійскіх планах адносна Украіны, Беларусі і іншых напрамкаў у Еўропе“. “Усё, што тычыцца іх палітычных і ваенных намераў, адсочваем. Нашы каманды ўзроўню выведак дэталёва абмяняюцца наяўнай інфармацыяй”, — адзначыў украінскі кіраўнік.

Пра ўзмацненне групоўкі войскаў каля мяжы з Беларуссю Зяленскі заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і абшчын у Славуцічы (Кіеўская вобласць) 21 траўня. Паводле яго слоў, 20 траўня на пасяджэнні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага на падставе інфармацыі “розных выведак“ адносна “магчымай, патэнцыйнай эскалацыі з боку ворага“ прынятыя “адпаведныя рашэнні“.

“У нас ёсць магчымасці ўзмацнення, ёсць магчымасць прэвентыўна працаваць і ў дачыненні да расійскіх тэрыторый, адкуль можа быць пагроза, і ў дачыненні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі, якое павінна быць у тонусе, г.зн. адчуваць рэальна, што наступствы будуць, калі будуць агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, супраць нашых людзей“, — адзначыў прэзідэнт у відэазвароце пасля сустрэчы ў Славуцічы.

З 18 па 21 траўня Расія і Беларусь праводзілі вучэнні па выкарыстанні ядзернай зброі. У апошні дзень Аляксандр Лукашэнка наведаў ракетную брыгаду Узброеных сіл Беларусі ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці.

“Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939-1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі <…>. Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся па поўнай праграме. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць“, — сказаў Лукашэнка падчас візіту.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны зробяць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай“, — дадаў Лукашэнка, прапанаваўшы Зяленскаму сустрэцца.

Актыўнасць Украіны на сваіх паўночных тэрыторыях, якія былі часткова акупаваныя ў лютым і сакавіку 2022 года расійскімі войскамі, што ўварваліся з Беларусі, значна павялічылася на фоне падрыхтоўкі візіту ў краіну беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

* Цытаты дадзеныя паводле відэазапісу, апублікаванаму Офісам прэзідэнта Украіны

Падзяліцца: