Мінск 17:25

Літва перадала ІКАО новыя матэрыялы пра дзеянні Беларусі, якія ствараюць пагрозу грамадзянскай авіяцыі

Архіўнае фота: САДМ Літвы

19 траўня, Позірк. Дадатковыя матэрыялы “з доказамі гібрыднай атакі супраць грамадзянскай авіяцыі Літвы, што ажыццяўляецца з тэрыторыі Беларусі”, перадаў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) міністр транспарту гэтай балтыйскай краіны Юрас Тамінскас.

Літоўскі Мінтранс паведаміў, што звярнуўся ў ІКАО і Еўракамісію яшчэ ў кастрычніку 2025 года — “адразу пасля пачатку інтэнсіўнай гібрыднай атакі”.

“Цяпер мы робім яшчэ адзін важны крок: прадстаўляем дадатковыя доказы незаконных дзеянняў Беларусі супраць Літвы, якія ствараюць пагрозу бяспецы грамадзянскай авіяцыі. Дзякую калегам з іншых літоўскіх устаноў за сумесную працу”, — цытуе ведамства намесніка міністра Радэрыкаса Жобакаса.

Сабраныя звесткі, як заяўлена, “пацвярджаюць, што беспілотныя паветраныя шары, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, сістэматычна парушаюць паветраную прастору Літвы і ствараюць рэальную пагрозу грамадзянскім паветраным судам і пасажырам”. “З кастрычніка 2025 года да гэтага часу парушэнні паветранай прасторы, якія прыводзілі да прыпынення працы Вільнюскага аэрапорта, здараліся як мінімум 20 разоў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што Літва “афіцыйна звярнулася” ў ІКАО, “прадставіўшы сабраныя доказы парушэнняў паветранай прасторы, якія ажыццяўляюцца з тэрыторыі Беларусі”, паведаміла ў лютым прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

Тады ж Тамінскас заявіў пра бачныя прыкметы таго, што Беларусь будзе прызнаная адказнай за “гібрыдную атаку”.

“Гэта быў бы сур’ёзны палітычны ўдар па рэжыме, які спрабуе зноў вывесці сябе на міжнародную арэну, наладзіць супрацу, паказаць сябе адкрытым, — адзначыў чыноўнік. — Бо Мінск вельмі не хоча і пазбягае прызнання з боку ІКАО таго, што ён парушае міжнароднае права ў сферы грамадзянскай авіяцыі”.

“Гэтак жа сама гэта з’яўляецца вялікім унёскам у тое, што калі ў будучым будуць разглядацца дадатковыя санкцыі, то такі матэрыял і прызнанне ІКАО факту парушэння норм міжнароднага права ў сферы грамадзянскай авіяцыі садзейнічалі б таму, што рэжым у Мінску мог бы сутыкнуцца з істотнымі санкцыямі”, — дадаў ён.

Пасля звароту ў ІКАО ў кастрычніку 2025-га, паводле слоў Тамінскаса, арганізацыя адзначыла, што для разгляду такіх інцыдэнтаў неабходна прадставіць канкрэтныя доказы.

Відаць, менавіта гэтыя доказы былі накіраваныя зараз.

Апошні выпадак, калі паветраная прастора над Вільнюскім аэрапортам закрывалася праз чарговую “гібрыдную атаку з боку Беларусі”, здарыўся ў ноч на 13 траўня. Тады ж у Каўнасе прызямліўся метэазонд з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, што перавозяць кантрабанду”.

У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада 2025 года закрывала мяжу з Беларуссю. Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, праз што ў краіне захрасла больш за 1 тыс. фур. Працэс іх вывазу пачаўся толькі сёлета 23 сакавіка.

Літва называе спыненне сітуацыі з уварваннем аэрастатаў адной з умоў для пачатку дыялогу з Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Такога дыялогу вымагае ад Вільнюса рэжым Лукашэнкі.

Падзяліцца: