Мінск 21:59

У Беларусі скасаваныя забароны на наведванне лясоў, але на поўдні і захадзе дзейнічаюць абмежаванні

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

16 траўня, Позірк. У Беларусі не засталося раёнаў, дзе б дзейнічалі забароны на наведванне лясоў, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Напярэдадні, як паведамляў Позірк, цалкам выключалася магчымасць хадзіць у лясы ў пяці раёнах Гомельскай вобласці — Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Кармянскім і Чачэрскім.

Разам з тым, калі ўчора абмежаванні (у лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, але даступныя шпацыры ды збор ягад і грыбоў) дзейнічалі ў 11 раёнах краіны, то цяпер — у 39.

У Мінскай вобласці гэта Валожынскі, Пухавіцкі, Салігорскі і Стаўбцоўскі раёны (4 з 22); Гомельскай — Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Кастрычніцкі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі і Светлагорскі (10 з 21); Гродзенскай — Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Лідскі, Мастоўскі, Свіслацкі, Слонімскі і Шчучынскі (11 з 17); Брэсцкай — Бярозаўскі, Брэсцкі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі і Столінскі (14 з 16).

У Віцебскай і Магілёўскай абласцях хадзіць у лясы можна паўсюдна.

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 15 траўня да 6:00 16 траўня) у Брэсцкай і Гомельскай абласцях было ліквідавана па адным лясным пажары (агульная плошча — 6,5 гектара).

Падзяліцца: