Мінск 12:38

Ціханоўская: Народ Беларусі не хоча, каб краіна стала плацдармам для новай агрэсіі — супраць Украіны ці Еўропы

Архіўнае фота: "Позірк"

16 траўня, Позірк. Расія “зноў спрабуе глыбей уцягнуць Беларусь у сваю вайну супраць Украіны”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, падзякаваўшы ўкраінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму за тое, што ён “выразна і своечасова кажа пра гэтыя пагрозы”.

“Мы маем трымацца разам, каб спыніць спробы Расіі распаўсюдзіць вайну па ўсім нашым рэгіёне”, — напісала палітык 15 траўня на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У той жа час яна падкрэсліла, што Беларусь — гэта не Аляксандр Лукашэнка: “Народ Беларусі не хоча гэтай вайны і не хоча, каб наша краіна стала плацдармам для новай агрэсіі — супраць Украіны або Еўропы”.

Раней у той дзень Зяленскі па выніках нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый”. Яму, як сцвярджалася, стала вядома пра планы аперацый “па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО”.

“Украіна мае дэталі размовы паміж Расіяй і Беларуссю. Украіна, безумоўна, будзе абараняць сябе і сваіх людзей, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер. Даручыў нашым сілам абароны і бяспекі Украіны ўзмацніць адпаведны кірунак і прадставіць план нашага рэагавання”, — напісаў Зяленскі.

Ціханоўская 15 траўня таксама пагадзілася з меркаваннем міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі, які на пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы ў Кішынёве заявіў, што Лукашэнка, а таксама прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін ды іншыя прадстаўнікі расійскага кіраўніцтва “атрымалі свой квіток у Гаагу”.

“Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — гістарычны крок да справядлівасці. Тыя, хто развязаў і забяспечваў гэтую вайну, павінны панесці адказнасць”, — адзначыла беларускі дэмлідар, рэагуючы на ​​тое, што “37 дзяржаў свету прынялі рашэнне пра зацвярджэнне Пашыранага частковага пагаднення аб стварэнні Кіроўнага камітэта Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — трэцяга ўстаноўчага дакумента Спецыяльнага трыбунала”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова паведамлялі, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: