Мінск 17:57

Міліцыя адсправаздачылася пра спыненне дзейнасці буйной махлярскай сеткі, якая выцягвала ў грамадзян даныя

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

17 кастрычніка, Позірк. Дзейнасць буйной махлярскай сеткі, якая выцягвала ў грамадзян даныя для крадзяжу іх грошай, спынілі супрацоўнікі ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці (упраўленне “К”) УУС Брэсцкага аблвыканкама.

У відэароліку, апублікаваным 17 кастрычніка ў тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных спраў, намеснік начальніка ўпраўлення “К” Алег Калтуневіч паведаміў, што ад пачатку 2026 года міліцыя стала часцей атрымліваць звароты жыхароў Брэсцкай вобласці наконт крадзяжу буйных сум праз інтэрнэт.

“Аферысты тэлефанавалі грамадзянам, прадстаўляючыся работнікамі розных арганізацый, а таксама праваахоўнікамі, — заявіў ён. — Выкарыстоўваючы псіхалагічныя метады маніпулявання, яны пераконвалі грамадзян аддаваць ім свае зберажэнні. Праведзеная аналітычная праца дазволіла нам выявіць сувязь паміж разрозненымі ўдзельнікамі махлярскай схемы, і гэта ў выніку дапамагло нам выявіць мноства звёнаў цэлай сістэмы, якая функцыянавала на тэрыторыі ўсёй рэспублікі”.

У сваю чаргу ананімізаваны аператыўны супрацоўнік упраўлення адзначыў, што людзі падчас тэлефанавання прадстаўляліся работнікамі “паліклінік, энергазбыту, праваахоўных органаў” і пад рознымі падставамі “спрабавалі атрымаць у грамадзян даныя, коды пацвярджэння”.

Адзначаецца, што аналіз нумароў, часу званкоў і звестак базавых станцый вывеў сілавікоў на кватэру ў Брэсцкай вобласці, дзе пасля быў знойдзены SIM-бокс, “з якога ажыццяўляліся махлярскія званкі”.

“Арандатар кватэры распавёў, што знайшоў у інтэрнэце абвестку пра падпрацоўку тэставальнікам сеткі 5G. Яму перадалі абсталяванне, папрасілі ўсталяваць у сябе дома і даць аддалены доступ. За гэта ён атрымліваў грашовыя сродкі. <…> Выявілі аналагічныя прылады ў іншых гарадах нашай краіны. Агулам 12 SIM-боксаў”, — заявіў ананімізаваны аператыўнік.

У відэароліку прадстаўленыя тлумачэнні пяці чалавек (твары наўмысна размытыя), якія, як вынікае з кантэксту, былі нанятыя для ўсталявання атрыманага ад махляроў абсталявання. Так, адна жанчына паведаміла, што знайшла “няцяжкую падпрацоўку”, якая заключалася ў тым, каб “проста быць на сувязі, усталяваць абсталяванне ад кампаніі і сачыць за спраўнасцю працы гэтага абсталявання”. Іншая жанчына патлумачыла, што, як ёй сказалі “наймальнікі”, усё было “афіцыйна, на падставе дамовы”, а пра тое, што яе нанялі махляры, яна даведалася толькі пасля прыходу міліцыі.

Як вынікае з відэароліка, па ўсёй краіне былі затрыманыя людзі, якія афармлялі SIM-карты, што пасля выкарыстоўваліся ў махлярскай схеме. Адзін з іх паведаміў, што “шукаў працу” і яму “прапанавалі запісваць SIM-карты на людзей”. Паводле яго слоў, ён актываваў каля 30 карт. Іншы заявіў, што “зрабіў дзве SIM-карты”, за гэта атрымаў 80 рублёў.

Абсталяванне, як заяўлена ў відэаматэрыяле, дастаўлялася з-за мяжы. Адзін з кур’ераў, які працаваў, паводле яго слоў, на “фірму па міжнародных перавозках пасажыраў”, заявіў, што яму прапанавалі падпрацаваць — перавозіць у Беларусь “радыёпрыёмнікі, роўтары”.

Ананімізаваны аператыўнік паведаміў, што ўпраўленню “К” здолела “выявіць асоб, звязаных з эксплуатацыяй абсталявання, падборам абслуговага персаналу і яго аддаленым кіраваннем”.

“Падчас праведзеных мерапрыемстваў высветлена, што арганізатар — куратар злачыннай дзейнасці знаходзіцца ў сумежнай дзяржаве, адкуль кіраваў працай злачыннай сеткі на тэрыторыі Беларусі. У яе склад уваходзіла больш за 80 чалавек: дропы, кур’еры і асобы, якія забяспечваюць працу спецыялізаванага абсталявання. У выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў спыненая дзейнасць буйной злачыннай сеткі, якая дзейнічала па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Канфіскавана махлярскае абсталяванне на суму каля 60 тысяч беларускіх рублёў. Прадухіленая шкода на суму звыш 10 мільёнаў беларускіх рублёў. Ад махлярскіх дзеянняў атрымалася выратаваць больш за 2 тысячы грамадзян Рэспублікі Беларусь”, — сказаў ён.

Падзяліцца: