Мінск 02:30

48-гадовы мінчанін асуджаны на два гады абмежавання волі за збіццё і пагрозу забіць сужыцельку

16 кастрычніка, Позірк. Суд Маскоўскага раёна Мінска прыгаварыў 48-гадовага жыхара сталіцы да двух гадоў абмежавання волі за збіццё і пагрозу забіць сужыцельку, паведамляе Генеральная пракуратура.

Крымінальная справа была ўзбуджаная паводле арт. 186 КК (пагроза забойствам, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам).

Акрамя таго, да фігуранта ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Паводле матэрыялаў справы, нецвярозы абвінавачаны ў сакавіку 2026 года знаходзіўся ў гасцях у сужыцелькі. Падчас канфлікту, які узнік паміж імі на глебе асабістых непрыязных стасункаў, ён пачаў пагражаць жанчыне забойствам.

Абвінавачаны схапіў яе за рукі і валасы, не менш за два разы ўдарыў галавой аб падлогу, вырваўшы клок валасоў. Пасля гэтага ён не менш за 10 разоў ударыў рукой у вобласць галавы, душыў яе кабелем зараднай прылады.

Акрамя таго, мужчына дэманстраваў сужыцельцы нож, прыстаўляў яго лязо да шыі пацярпелай, затым нанёс не менш за два ўдары па канапе.

Абвінавачаны прызнаў віну і прынёс прабачэнні пацярпелай, заявіў пра намер кінуць піць і далей жыць разам з ёй. Асноўнай прычынай здарэння назваў злоўжыванне алкаголем.

Раней паміж абвінавачаным і пацярпелай падобных канфліктаў не было. Жанчына даравала абвінавачанаму і выказала намер сачыць за яго паводзінамі.

Прысуд не набыў моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Праект адпаведнага дакумента распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “дурасцю, узятай найперш з Захаду“.

Падзяліцца: