Мінск 13:18

У Полацку п’яная 70-гадовая пенсіянерка праз помсту падпаліла дом Беларускай праваслаўнай царквы, загінула жанчына — СК

Фота: Следчы камітэт

11 лістапада, Позірк. Аб устанаўленні абставінаў забойства 64-гадовай жанчыны пры пажары ў доме ў Полацку, які належаў Беларускай праваслаўнай царкве (Віцебская вобласць) паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле звестак следства, 28 красавіка 2026 года ў МНС паступіла паведамленне аб узгаранні будынка. Пры тушэнні пажару было знойдзена цела 64-гадовай жанчыны.

Высветлена, што ў доме пражывалі тры жанчыны. У дзень здарэння адна з іх пайшла на працу, дзве іншыя засталіся ў памяшканні.

Як сцвярджае СК, 70-гадовая жанчына, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення, абліла гаручай вадкасцю і падпаліла жылы пакой, калідор і ганак. Пераканаўшыся, што агонь распаўсюдзіўся, яна пакінула месца здарэння.

У выніку пажару 64-гадовая жанчына загінула, нанесены маёмасны ўрон на суму амаль 55 тыс. рублёў.

Пасля затрымання 70-гадовая заявіла следчаму, што прычынай яе ўчынку стала крыўда на суседку. У пачатку красавіка тая выклікала ёй хуткую дапамогу з-за ўжывання алкаголю, пасля чаго жанчыну шпіталізавалі. Гэта выклікала ў яе злосць.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што пацярпелая памерла ад тэрмаінгаляцыйнай траўмы. Пажарна-тэхнічная экспертыза пацвердзіла, што прычынай узгарання стаў падпал.

Згодна з заключэннем судова-псіхіятрычнай экспертызы, абвінавачаная ў момант здзяйснення злачынства магла ў поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Пры гэтым у яе выяўлены сіндром алкагольнай залежнасці.

Жанчыне прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці агульнанебяспечным спосабам з прычыненнем шкоды ў асабліва буйным памеры) і п. 5, 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам і з асаблівай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса.

З санкцыі пракурора абвінавачаная ўзятая пад варту.

Падзяліцца: