be
Arrow
Мінск 21:55

Жыхар Гомеля, які выштурхнуў сужыцельку з акна, атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі

10 лістапада, Позірк. Да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму прыгавораны 47-гадовы жыхар Гомеля, які выштурхнуў сужыцельку з акна кватэры на другім паверсе. Рашэнне вынес суд Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласці.

Адзначаецца, што мужчына прызнаны вінаватым ва ўчыненні наўмыснага цяжкага цялеснага пашкоджання (ч. 1 арт. 147 Крымінальнага кодэкса). Яму прызначанае таксама прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Паводле матэрыялаў справы, 1 жніўня 2026 года мужчына разам з сужыцелькай, з якой меў блізкія адносіны на працягу трох гадоў, распіваў спіртное. Увечары ён выйшаў на шпацыр і сустрэў знаёмых, якія намякнулі на магчымую нявернасць жанчыны.

Вярнуўшыся дадому, мужчына на глебе рэўнасці пасварыўся з сужыцелькай і сама меней два разы ўдарыў яе рукамі па галаве. Жанчына паспрабавала пазбегнуць працягу канфлікту і выйшла з кухні ў пакой. Аднак мужчына, калі яна стаяла каля акна, наўмысна штурхнуў яе. Жанчына выпала з адчыненага акна кватэры на другім паверсе.

Пацярпелая атрымала спалучаную траўму цела, у тым ліку пашкоджанні лёгкіх і пераломы касцей. Гэтыя траўмы аднесеныя да цяжкіх цялесных пашкоджанняў паводле прыкметы небяспекі для жыцця.

У судзе абвінавачаны прызнаў віну, папрасіў прабачэння ў сужыцелькі і прапанаваў ёй зарэгістраваць шлюб.

Прысуд не набыў моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

4 лістапада “Позірк” паведамляў, што жыхар Рагачоўскага раёна атрымаў два гады пазбаўлення волі за катаванне былой жонкі і пагрозу забойствам.

Падзяліцца: