Мінск 12:49

Адзін з пастаўшчыкоў паслуг хостынгу для сайтаў дзяржорганаў заявіў пра масавую кібератаку

Ілюстрацыя: pixabay.com

10 лістапада, Позірк. Інфраструктура беларускага воблачнага правайдара ТАА “Актыўныя тэхналогіі” (працуе пад брэндам ActiveCloud) зазнала масавую кібератаку.

Атака пачалася 10 лістапада ў 3:30, паведаміў правайдар у сваім тэлеграм-канале. Зафіксаваныя парушэнні ў працы абароненага воблачнага хостынгу E-Cloud Protected (у Беларусі), паштовага сэрвісу SmartMail (у Беларусі і Расіі), сайтаў ActiveCloud.

Акрамя таго, недаступныя чаты, тэлефанія і тыкетная сістэма (раздзел “Падтрымка” ў асабістым кабінеце).

Адзначаецца, што тэхнічныя спецыялісты працуюць над ліквідацыяй наступстваў атакі і аднаўленнем штатнай працы закранутых сэрвісаў.

ТАА “Актыўныя тэхналогіі” з’яўляецца адным з сямі пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг, упаўнаважаных аказваць паслугі хостынгу афіцыйных інтэрнэт-сайтаў і электроннай пошты.

Праведзены “Позіркам” аналіз загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) № 92 ад 17 снежня 2010 года і яго наступных карэктаванняў паказаў, што ў гэты спіс апрача “Актыўных тэхналогій” уваходзяць мабільны аператар А1, “Белтэлекам”, “Беларускія воблачныя тэхналогіі”, “Надзейныя праграмы”, Нацыянальны цэнтр электронных паслуг і Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

У рамках агульных патрабаванняў да правайдараў усе згаданыя арганізацыі абавязаныя размяшчаць абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, выключна на тэрыторыі Беларусі; прымяняць сертыфікаваныя на нацыянальным узроўні сродкі абароны інфармацыі; мець план бесперабойнай працы і аднаўлення сістэм на выпадак аварыі, атак, збояў ды іншых няштатных сітуацый; перадаваць у ААЦ сярод іншага звесткі пра абанентаў і сэрвісы, справаздачыцца перад цэнтрам пра абароненасць уласных сістэм ды інш.

Падзяліцца: