Мінск 23:53

Беларус, затрыманы ў Тбілісі з пратэрмінаванымі дакументамі, арыштаваны на тры месяцы

Сталіца Грузіі Тбілісі
Фота: "Позірк"

9 лістапада, Позірк. Тбіліскі гарадскі суд на пасяджэнні 9 лістапада арыштаваў на тры месяцы грамадзяніна Беларусі, затрыманага ў сталіцы Грузіі з пратэрмінаванымі дакументамі — нацыяныльным пашпартам і мясцовай часовай ID-карткай. Пра гэта паведаміў “Позірку” беларускі праваабаронца Раман Кісляк.

Затрыманне адбылося 6 лістапада ў метро. Паводле назіранняў чытачоў “Позірку”, групы паліцэйскіх сёлета дзяжураць ля найбольш загружаных станцый і час ад часу правяраюць дакументы ў мінакоў, якія здаюцца ім замежнікамі. Праверыць законнасць знаходжання ў Грузіі атрымалі таксама патрульныя паліцэйскія.

“Я, на жаль, не трапіў на суд. Апошнія месяцы я чацвёрты раз не магу трапіць унутр і прысутнічаць на судовых пасяджэннях, таму што мяне перасталі пускаць без дзейнага дакумента”, — сказаў Кісляк, які некалькі год спрабуе атрымаць прытулак у Грузіі і цяпер знаходзіцца пад часовай абаронай Камітэта ААН па правах чалавека, які разглядае яго скаргу на адмову.

Паводле слоў Кісляка, на пасяджэнні былі грузінскія праваабаронцы. Суд не пагадзіўся з аргументамі адваката і прыняў рашэнне аб арышце. “На працягу пяці дзён ёсць магчымасць абскардзіць арышт у апеляцыйным парадку, і далей будзе судовы разбор наконт дэпартацыі”, — адзначыў суразмоўца.

Ён мае інфармацыю, што суайчыннік “жывы, здаровы”, яго бачылі ў судзе, ён мог выказацца.

“Але гэтыя суды па арыштах вельмі хуткія, суддзя прыспешваў: “Давайце хутчэй!” Пяць хвілін адным, 15 — іншым. Была праблема, што праз гэта прадстаўніца Дэпартамента міграцыі МУС гаварыла хутка, нават грузінскія праваабаронцы адзначалі, што не ўсё паспявалі пачуць. Таму была пададзеная скарга на тое, што працэс не быў адкрытым у гэтай частцы”, — паведаміў Кісляк.

Паводле яго слоў, зараз “трэба дамагацца таго, каб дэпартацыю прызналі недапушчальнай”.

“У Беларусі катаванні — сістэмная практыка. Камітэт ААН супраць катаванняў у 2024 годзе па выніках расследавання зрабіў менавіта такую выснову”, — падкрэсліў Кісляк. Адпаведна, дадаў ён, любы, каго пераследуюць з палітычных матываў і хто будзе вернуты ў Беларусь, будзе затрыманы, арыштаваны, цярпець ад катаванняў, жорсткага абыходжання і несправядлівага судовага разбіральніцтва. “Таму, вядома, мы дамагаемся, каб каб ніводны беларус, якому пагражае палітычны пераслед, не быў дэпартаваны ў краіну пахождання”, — заявіў суразмоўца.

Агулам працу грузінскай сістэмы правасуддзя ён назваў чаканай: “На жаль, цяпер пастаўленыя на канвеер такія затрыманні і арышты дзеля дэпартацыі. Але, магчыма, у апеляцыйным судзе атрымаецца даказаць. Калі не, яшчэ застаецца варыянт падаць скаргу ў Камітэт ААН супраць катаванняў або ў Камітэт ААН па правах чалавека. Мы абавязкова скарыстаемся гэтай магчымасцю, каб чалавек атрымаў часовыя меры абароны і забарону на дэпартацыю ў Беларусь”.

Кісляк падкрэсліў, што на радзіме супраць гэтага чалавека вядзецца палітычна матываваны пераслед. “Ён падаваўся на гэтай падставе на прытулак. Усім тут адмаўляюць, і яму ў тым ліку адмовілі — і ў Дэпартаменце міграцыі, і ў гарадскім судзе, і ў апеляцыйным”, — апісаў сітуацыю праваабаронца ў каментары “Позірку” на наступны дзень пасля затрымання суайчынніка.

4 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Паводле слоў Кісляка, менавіта ў той год суайчыннік звярнуўся па прытулак у Грузіі і тады ж спрабаваў памяняць пашпарт — яшчэ да прыняцця ўказа, але амбасада яму адмовіла. “Думаю, што адмовіла менавіта з прычыны, што ў яго крымінальны пераслед”, — заявіў суразмоўца.

Паколькі ў арыштаванага няма дзейных дакументаў, дэпартаваць яго мажліва толькі ў Беларусь, канстатаваў Кісляк. Ці зможа беларуса прыняць нейкая трэцяя краіна, напрыклад Арменія, пакуль невядома.

Раней такіх прэцэдэнтаў не было, каб у чалавека, якому пагражае дэпартацыя, дакументы былі пратэрмінаваныя, заявіў праваабаронца.

Як паведамляў “Позірк” са спасылкай на паліцыю Грузіі, за тры кварталы 2026 года з краіны выслана 39 грамадзян Беларусі (рэкордны паказчык для аднаго года). Гэта адбываецца ў рамках шырокай кампаніі ўладаў па барацьбе з нелегальнай міграцыяй. План на 2026 год — выслаць 4 тыс. замежнікаў. За 9 месяцаў выслана 3.170.

З 2019 года Грузія адхіліла ўсе 82 разгледжаныя хадайніцтвы беларускіх грамадзян аб наданні прытулку. Рэкордным стаў 2024 год — 50 адмоваў, у т.л. 12 непаўналетнім. У 2025 годзе было адмоўлена ў 22 прашэннях. За апошнія амаль восем гадоў грамадзяне Беларусі падалі 92 хадайніцтвы. Найбольш іх было ў 2024 годзе — 40; у 2025-м — 9.

З 2012 года Грузіяй кіруе партыя “Грузінская мара“ прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі. Стасункі мясцовага ўрада з беларускімі ўладамі сёлета прыкметна актывізаваліся, нягледзячы на тое, што ў 2022 годзе Аляксандр Лукашэнка наведваў не падкантрольную Тбілісі Абхазію.

Падзяліцца: