Мінск 20:21

СК паведаміў пра завяршэнне расследавання справы аб драбленні аўтабізнесу і ўхіленні ад падаткаў на 1,3 млн рублёў

10 лістапада, Позірк. Пра завяршэнне папярэдняга расследавання крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры праз штучнае драбленне аўтабізнесу паведаміў 10 лістапада Следчы камітэт.

Фігурантам справы названы 51-гадовы жыхар Мінска, які, паводле версіі следства, нанёс бюджэту буйную шкоду.

Паводле звестак СК, мужчына быў заснавальнікам і дырэктарам прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства, якое займалася тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам грузавых аўтамабіляў. Каб знізіць падатковую нагрузку, ён арганізаваў схему фармальнага падзелу адзінага бізнесу паміж некалькімі суб’ектамі гаспадарання.

Фактычна рамонт грузавікоў праводзіўся ў тых жа боксах, тымі ж работнікамі і для тых жа кліентаў, аднак дакументальна дзейнасць была падзеленая паміж трыма арганізацыямі.

Асноўная кампанія працавала на агульнай сістэме падаткаабкладання з выплатай ПДВ і падатку на прыбытак.

У 2021 і 2022 гадах мужчына зарэгістраваў яшчэ дзве арганізацыі, якія перавёў на спрошчаную сістэму падаткаабкладання без выплаты ПДВ. Заснавальнікам адной з іх фармальна стаў знаёмы бізнесмена, які, паводле следства, не ўдзельнічаў у рэальным кіраванні кампаніяй і руху фінансавых сродкаў.

Выручку ад паслуг размяркоўвалі такім чынам, каб новыя арганізацыі не перавышалі ліміты для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Адначасова падатковая база асноўнай кампаніі штучна заніжалася.

У выніку ўнясення заведама ілжывых звестак у падатковыя дэкларацыі за 2021–2024 гады бюджэт недаатрымаў больш за 1 млн 256 тыс. рублёў ПДВ і падатку на прыбытак, заявіў СК. Следства кваліфікавала шкоду як буйную.

Падчас расследавання былі канфіскаваныя ўстаноўчыя дакументы, дамовы пазыкі і электронныя носьбіты з базамі даных бухгалтарскай праграмы “1С”. Дзясяткі работнікаў прадпрыемстваў, якіх дапыталі следчыя, пацвердзілі, што арганізацыі фактычна вялі адзіную гаспадарчую дзейнасць.

Мужчына прызнаў віну і да завяршэння расследавання добраахвотна кампенсаваў бюджэту ўсю шкоду, а таксама выплаціў налічаныя падатковымі органамі пені і штрафы, гаворыцца ў паведамленні.

Яго дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў шляхам наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення ў падатковыя дэкларацыі заведама ілжывых звестак, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры). Крымінальная справа перададзеная пракурору для прыняцця далейшага рашэння.

Санкцыя ч. 2 арт. 243 КК прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю ці без пазбаўлення.

У лютым 2026 года Камітэт дзяржкантролю паведамляў пра крымінальныя справы супраць ўладальнікаў сеткі кафэ і рэстаранаў у Віцебскай вобласці. Паводле ведамства, на працягу сямі гадоў яны таксама выкарыстоўвалі схему драблення бізнесу.

Падобныя абвінавачанні часта вылучаліся пры палітычным пераследзе юрыдычных асобаў, у тым ліку СМІ, якія выкарыстоўвалі магчымасці, якія дае заканадаўства.

Падзяліцца: