Мінск 20:21

Германія працягвае цалкам салідарызавацца з беларускімі дэмсіламі і выступае за вызваленне ўсіх палітвязняў — МЗС

Сталіца Германіі Берлін
Фота: "Позірк"

10 лістапада, Позірк. Германія працягвае выказваць поўную салідарнасць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і выступае за свабоду для ўсіх палітычных зняволеных, гаворыцца ў афіцыйным акаунце МЗС гэтай краіны ў сацсетцы Х з нагоды візіту ў нямецкую сталіцу Святланы Ціханоўскай.

9 лістапада ў Берліне дэмлідар правяла сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных спраў Германіі Гезам фон Гайрам. Галоўнымі тэмамі сталі сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне, санкцыйная палітыка, вызваленне палітвязняў і праблемы легалізацыі беларусаў у краіне, паведаміла прэс-служба палітыка.

Ціханоўская падзякавала Германіі за прынцыповую падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, а таксама за цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Бакі абмеркавалі неабходнасць захаваць адзіную стратэгію Еўрасаюза па Беларусі і санкцыйны ціск дзеля спынення рэпрэсій і падтрымкі расійскай агрэсіі. Асобна абмеркаваная недапушчальнасць аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Еўрасаюз, пакуль не будуць спыненыя рэпрэсіі.

Была закранутая тэма расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі, неабходнасць уключэння беларускага пытання ў будучыя перамовы аб міры ва Украіне і еўрапейскай бяспецы, пагрозаў русіфікацыі, мілітарызацыі моладзі і неабходнасці ўзмацнення незалежнасці Беларусі.

Ціханоўская ўзняла пытанне прызначэння спецыяльнага пасланніка Германіі па Беларусі дзеля сістэмнай працы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.

Акрамя таго, была абмеркаваная дапамога былым палітвязням, магчымасці пашырэння гуманітарных праграм, у тым ліку медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі людзей, вызваленых з беларускіх турмаў.

“Германія — адзін з найважнейшых партнёраў Беларусі, і мы вельмі шануем яе падтрымку. Я падзякавала нямецкаму боку за тое, што краіна прыняла вызваленых палітвязняў, у тым ліку Марыю Калеснікаву, Віктара Бабарыку, журналістаў і актывістаў. Сёння нашая задача не толькі дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, але і спыніць рэпрэсіі, захаваць незалежнасць Беларусі і падрыхтаваць краіну да дэмакратычных пераменаў”, — падкрэсліла дэмлідар.

Паводле прэс-службы Ціханоўскай, у Берліне яна сустрэлася са спікерамі парламентаў Германіі і Францыі, узяла ўдзел у мерапрыемствах да 37-й гадавіны падзення Берлінскай сцяны.

Ціханоўская падзякавала Германіі і Францыі за падтрымку беларускага народа, дэмакратычных сіл і палітычных зняволеных. Яна заклікала еўрапейскіх лідараў захоўваць адзінства і не ісці на кампрамісы з дыктатурамі за кошт правоў чалавека і бяспекі еўрапейскіх краін.

Падзяліцца: