Мінск 20:43

Уздоўж усёй мяжы з Беларуссю Украіна вядзе інжынерныя і фартыфікацыйныя працы — ДПСУ

Ілюстрацыя pixabay.com

10 лістапада, Позірк. Украінскія памежнікі і адпаведныя службы працягваюць умацоўваць абарончыя пазіцыі ўздоўж усёй працягласці мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежслужбы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафону.

Паводле яго слоў, спецыялісты “вядуць інжынерныя і фартыфікацыйныя працы”. Спікер адзначыў, што ў цяперашні час “актыўных дзеянняў з боку Беларусі на агульнай мяжы пакуль не назіраецца”.

Захады, якія прымаюцца, неабходныя для забеспячэння надзейнай абароны на выпадак “кардынальнай змены сітуацыі”, заявіў Дземчанка.

Раней паведамлялася, што на поўдні Беларусі было выведзена са строю тры перадатчыкі сотавых аператараў: дзве ў Гомельскай вобласці, адна — у Брэсцкай.

Усе вышкі стаяць адносна недалёка ад мяжы з Украінай. Адна з іх — аператара А1 — размешчаная ў зоне адчужэння, у раёне кантрольна-прапускнога пункта Майдан Хойніцкага раёна (каля 26 км ад дзяржаўнай мяжы), другая — МТС — у пасёлку Слабада Лельчыцкага раёна (каля 27 км ад мяжы), трэцяя — таксама МТС — у вёсцы Грушка Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці (каля 12 км).

Украінскія ўлады і вайскоўцы заяўлялі, што такія аб’екты ў беларускім прыграніччы выкарыстоўваюцца для рэтрансляцыі сігналу для кіравання расійскімі БПЛА ў сумежных рэгіёнах Украіны.

19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі на працягу тыдня дэмантаваць абсталяванне для навядзення расійскіх дронаў уздоўж мяжы. Пазней украінскі бок паведамляў пра спыненне працы рэтранслятараў, а затым — пра яе аднаўленне.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: