Мінск 00:48

Беларусь і Кітай пашыраць геаграфію авіяспалучэння

10 лістапада, Позірк. Беларусь і Кітай маюць намер пашырыць магчымасці авіяцыйных перавозак паміж краінамі, паведаміла 10 лістапада прэс-служба беларускага ўрада. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Дакумент прадугледжвае заключэнне шляхам абмену нотамі пагаднення паміж урадамі Беларусі і КНР аб унясенні змяненняў у пагадненне аб паветраных зносінах ад 17 студзеня 1995 года.

Згодна з новымі дамоўленасцямі, кожны з бакоў зможа вызначаць не менш за трох авіяперавозчыкаў для пасажырскіх перавозак (было па адным) і аднаго — для грузавых.

Таксама авіякампаніі атрымаюць права выконваць рэйсы ў Мінск і Пекін, а таксама ў тры іншыя гарады Беларусі і Кітая на выбар. Акрамя таго, у якасці прамежкавага пункта на маршрутах паміж дзвюма краінамі вызначаны горад Алматы (Казахстан).

У пастанове не ўдакладняецца, калі менавіта новыя ўмовы пачнуць дзейнічаць і якія авіякампаніі змогуць скарыстацца пашыранымі магчымасцямі.

19 чэрвеня 2026 года Міністэрства транспарта і камунікацый Беларусі паведаміла, што авіяцыйныя адміністрацыі дзвюх краін дамовіліся аб паэтапным павелічэнні колькасці пунктаў прызначэння для рэгулярных рэйсаў “Белавія” ў Кітай.

Па выніках кансультацый у Пекіне бакі таксама ўзгаднілі частату пасажырскіх і грузавых перавозак.

Падзяліцца: