Мінск 10:35

Урад спрасціў падрыхтоўку і выдачу дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва

16 кастрычніка, Позірк. Аб спрашчэнні парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва паведаміў 16 кастрычніка Савет міністраў. Адпаведныя змены ўнесеныя ў пастанову ўрада ад 18 снежня 2025 года №735.

Уводзіцца нарматыўнае прадпісанне аб тым, што выкананне тэхнічных патрабаванняў і ўмоў на далучэнне аб’екта да інжынерных сетак з’яўляецца падставай для бязвыплатнай і безумоўнай перадачы аб’ектаў інжынернай інфраструктуры органам і арганізацыям, якія выдалі такія патрабаванні і ўмовы.

Устанаўліваецца, што ў тэхнічных умовах на аб’ект будаўніцтва не могуць быць уключаныя нормы і патрабаванні, якія не адносяцца да аб’екта.

З 15 да 10 рабочых дзён скарачаецца тэрмін прыняцця мясцовымі органамі ўлады рашэнняў аб выдачы дазвольнай дакументацыі; тэрмін накіравання дакументаў заяўніку — не пазней трох рабочых дзён з даты прыняцця рашэння.

З 5 да 3 рабочых дзён змяншаецца тэрмін выстаўлення рахунку за падрыхтоўку ўпаўнаважанай арганізацыяй дакументаў на запыт замоўніка.

Замоўнікам даецца магчымасць ініцыяваць працэдуру атрымання дазвольнай дакументацыі паралельна з працэсам ўзгаднення месца размяшчэння зямельнага ўчастка, не чакаючы афармлення акта, што адпавядае прынцыпу “аднаго акна” і паскарае працэс пачатку рэалізацыі інвестыцыйнай задумы.

2 кастрычніка ўрад зацвердзіў парадак надання растэрміноўкі за легалізацыю самавольна занятых зямельных участкаў. Для атрымання растэрміноўкі неабходна звярнуцца ў мясцовы выканкам з заявай да прыняцця рашэння аб легалізацыі. Падаць яе можна асобна ад дакументаў на прадастаўленне ўчастка.

Падзяліцца: