Кампаніі Беларусі ды Інданезіі падпісалі мемарандумы з патэнцыйнымі здзелкамі на суму каля 400 млн долараў

16 траўня, Позірк. Беларускія ды інданезійскія кампаніі падпісалі пяць мемарандумаў аб узаемаразуменні, якія прадугледжваюць патэнцыйныя здзелкі на агульную суму каля 400 млн долараў.
Паводле інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва Інданезіі Antara, дамоўленасці былі аформленыя 15 траўня ў Мінску на 8-м пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёвай, эканамічнай і тэхнічнай супрацы пры ўдзеле інданезійскага міністра-каардынатара па эканамічных пытаннях Айрлангі Хартарта і намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Віктара Каранкевіча.
Паведамляецца, што найбуйнейшы інданезійскі вытворца ўгнаенняў Pupuk Indonesia падпісаў мемарандум з горназдабыўным прадпрыемствам “Недра Нежын” (Любанскі раён Мінскай вобласці), а сумесная гандлёвая кампанія Indonesia Belarus Jaya (партнёр у пастаўках угнаенняў, сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі) — з Мінскім малочным заводам № 1, Energi Complekt (верагодна, гаворка пра віцебскага вытворцу кабельна-правадніковай прадукцыі і электратэхнічнага абсталявання “Энергакамплект”), здабытчыкам і перапрацоўшчыкам даламітавай сыравіны “Даламіт” (Віцебск) і кампаніяй “Белінда Трэйд” (звесткі ў адкрытым доступе адсутнічаюць; назва, верагодна, утвораная шляхам кантамінацыі назваў Беларусі і Інданезіі).
“Дасягнутыя ў рамках гэтай сумеснай камісіі дамоўленасці маюць быць пераўтвораныя ў канкрэтныя крокі, якія наўпрост паўплываюць на паляпшэнне эканамічных стасункаў паміж Інданезіяй і Беларуссю”, — цытуе інданезійскае інфармагенцтва Хартарта.
Адзначаецца, што ўдзельнікі пасяджэння “абмеркавалі шырокае кола напрамкаў супрацы, уключаючы гандаль, інвестыцыі, прамысловасць, сельскую гаспадарку і харчовую бяспеку, лясную гаспадарку, банкаўскі сектар, ахову здароўя, адукацыю, навуку і тэхналогіі, культуру, спорт і турызм”.
Каранкевіч, як заяўлена, пацвердзіў “прыхільнасць Беларусі да ўмацавання супрацы з Інданезіяй, асабліва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і тэхналогіях, а таксама пашырэння магчымасцей для ўзаемадзеяння бізнесу дзвюх краін”.
Беларусь “мае ўсе магчымасці”, каб “рабіць значны ўнёсак” у забеспячэнне харчовай бяспекі Інданезіі, заявіў амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Раман Раманоўскі ў інтэрв’ю дзяржгазеце “Рэспубліка”, якое было апублікаванае 19 верасня 2025 года. Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь здольная забяспечыць гэтую дзяржаву ў Паўднёва-Усходняй Азіі калійнымі ўгнаеннямі, “якія выступаюць асновай для падвышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур”, а таксама пастаўляць сельгастэхніку.
“Беларуска-інданезійскі тавараабарот з сярэдзіны 1990-х гадоў (1,8 мільёна долараў у 1995-м) на гэты час вырас у сотні разоў”, — сказаў дыпламат.
Лукашэнка сустракаўся з прэзідэнтам Інданезіі Прабава Субіянта летась 15 ліпеня ў адной са сваіх рэзідэнцый. Сустрэча не анансавалася. Пра яе змест таксама не паведамлялася, прэс-служба боку, што прымаў госця, сцвярджала, што абмяркоўвалася “шырокае кола тэм”.
Двухбаковую вайсковую супрацу абмяркоўвалі ў Мінску 28 ліпеня таго ж года начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і міністр абароны Інданезіі Шафры Шамсуддзін.
5–7 жніўня 2025 года гэтую краіну наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся “пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцей”.
Раней Джакарта выказвала зацікаўленасць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаенняў.
Па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў (даныя МЗС Інданезіі). З іх 43,6 млн прыпаў на экспарт Джакарты (13,4 млн; 225%).
Лукашэнка наведваў Інданезію ў 2013 годзе.

- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ красавіку найбольш падаражэлі камунальныя паслугі, за чатыры месяцы 2026 года — перасылка лістоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа чатыры месяцы 2026 года МАЗ прадаў на рынку РФ на 11% менш новых грузавікоў, чым за той жа перыяд 2025-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

