Мінск 07:47

Кіроўца аўтобуса спрабаваў завезці ў Беларусь мефедрон ва ўпакоўцы з пральным парашком

20 ліпеня, Позірк. Аб спыненні спробы незаконнага ўвозу ў Беларусь мефедрона, схаванага ва ўпакоўцы з пральным парашком, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).

Паводле інфармацыі ведамства, наркотык знойдзены ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку — Тэрэспаль). Туды на пасажырскім аўтобусе SETRA прыбыў 48-гадовы грамадзянін Беларусі. Падчас кантролю ён даў для агляду асабістыя рэчы і пакет з пакупкамі, які, паводле яго слоў, ён узяў для перавозкі ў Польшчы.

Мытнікі вырашылі праверыць багаж з дапамогай рэнтген-устаноўкі. У выніку выяўлена “старонняе ўкладанне ва ўпакоўцы пральнага парашка”. “Дадатковым сігналам” стала рэакцыя службовага сабакі.

Унутры ўпакоўкі быў знойдзены пакет з крышталічным рэчывам белага колеру: “Экспертыза ўстанавіла, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — мефедрон масай больш за 28 г”.

Брэсцкая мытня ўзбудзіла крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 3281 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў).

Санкцыя прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення свабоды.

У 2025 годзе на мяжы было затрымана 8,5 млн доз наркотыкаў і псіхатропаў (у эквіваленце) на суму каля 140 млн еўра, паведаміў раней старшыня ДМК Уладзімір Арлоўскі. “І гэта ўсё прыйшло ў Беларусь з ЕС”, — сказаў ён.

Пааодле чыноўніка, летась было затрымана дзевяць буйных партый (ад 100 кг) наркотыкаў і псіхатопаў. Ён дадаў, што “самая буйная партыя, якая была ў адным транспартным сродку, — гэта 1.282 кг гашышу і мефедрону”.

За першы квартал 2026 года на граніцы было затрымана 400 кг наркотыкаў, псіхатропаў і прэкурсораў для іх вырабу. У лютым было выяўлена 260 кг гашышу ў транспартным сродку, які ўязджала з Польшчы, паведаміў ён.

У 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе —  1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: