Мінск 16:01

Ціханоўская разлічвае на працяг супрацы з Вялікабрытаніяй пры новым прэм’ер-міністры Бёрнэме

Ілюстрацыйнае фота: Oskar Mlodzinski / unsplash.com

21 ліпеня, Позірк. З зычэннем “сіл і рашучасці” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская павіншавала Эндзі Бёрнэма з уступленнем на пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі.

“Лідарства Вялікабрытаніі мае вялікае значэнне ў гэты вырашальны для Еўропы момант. Разлічваю на працяг нашай шчыльнай супрацы з Вялікабрыаніяй дзеля свабоднай Беларусі”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

На пасадзе брытанскага прэм’ера Бёрнэм змяніў Кіра Стармера (узначальваў урад з ліпеня 2024-га), які 22 чэрвеня 2026 года абвясціў пра сыход у адстаўку пасля ўзмацнення ціску ўнутры ўласнай Лейбарысцкай партыі і падзення папулярнасці кабінета. 17 ліпеня лідарам партыі стаў Бёрнэм.

Незадоўга да свайго сыходу, 2 чэрвеня, Стармер на сустрэчы з Ціханоўскай падкрэсліў, што яго краіна падтрымлівае свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Брытанскі палітык асудзіў “працяглыя атакі [рэжыму Аляксандра] Лукашэнкі на дэмакратыю і ўтрыманне пад вартай палітвязняў”. Стармер таксама “пацвердзіў нязменную падтрымку Вялікабрытаніяй выкарыстання санкцый для ўчынення сталага ціску на рэжым”.

Ціханоўская ўпершыню сустрэлася са Стармерам у сакавіку 2023 года, калі яго Лейбарысцкая партыя знаходзілася ў апазіцыі. Тады абмяркоўваліся пытанні санкцый, прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, дапамогі дэмакратычнаму руху.

У ліпені 2024 года дэмлідар правяла перамовы са Стармерам ужо як з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі.

Падзяліцца: