Мінск 15:19

У Вільнюскім раёне Літвы перахоплены дрон з беларускімі цыгарэтамі — 34-ы ад пачатку года

Фота: САДМ Літвы

21 ліпеня, Позірк. У Вільнюскім раёне перахоплены чарговы беспілотнік з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі, паведаміла 20 ліпеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.

Паводле інфармацыі ведамства, у ноч на 17 ліпеня памежнікі, якія знаходзіліся ля вёскі Шульгай, пачулі “характэрны гук дрона ў палёце”. “Хоць самога апарата не было відаць, памежнікі неадкладна прымянілі сродкі радыёэлектроннага процідзеяння беспілотнікам. Менш чым праз хвіліну ў начной цішы пачуўся трэск ламаных галін і гучны ўдар аб зямлю”, — гаворыцца ў паведамленні.

У цемры супрацоўнікі САДМ выявіць дрон не змаглі. Апарат быў знойдзены толькі ранкам — кінолаг з сабакам выйшаў на яго ў лесе непадалёк ад вёскі Шумскас.

Пры падзенні беспілотнік атрымаў пашкоджанні. Да яго была прымацаваная кардонная скрынка, абгорнутая чорнай плёнкай. Унутры знаходзілася 340 пачкаў цыгарэт Minsk Capital QS з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт нелегальнага грузу з улікам усіх абавязковых падаткаў складае 1.856 еўра.

Па факце “незаконнага набыцця і перавозкі падакцызных тавараў з парушэннем вызначанага парадку” распачатая адміністрацыйная вытворчасць.

Паводле інфармацыі САДМ, гэта 34-ы беспілотнік з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі, які памежнікі прызямлілі ад пачатку 2026 года. За ўвесь 2025 год было перахоплена 59 такіх дронаў, за 2024-ы — 54.

Падзяліцца: