Мінск 18:22

Гукарэжысёр Юрый Трашчынскі прызнаны палітвязнем

Фота на старонцы Юрыя Трашчынскага ў "Аднакласніках"

21 ліпеня, Позірк. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем гукарэжысёра Юрыя Трашчынскага, вынікае з супольнай заявы, размешчанай, у прыватнасці, на сайце цэнтра “Вясна“.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці адзначылі, што “крымінальны пераслед і пазбаўленне волі за дзеянні, звязаныя з правамернай рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняў, з’яўляюцца інструментам абмежавання распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне, задушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці і іншадумства”.

Адзначаецца, што 4 траўня 2026 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Трашчынскага да 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 3611 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), а таксама аштрафаваў яго на 500 базавых велічынь (22,5 тыс. рублёў). 7 ліпеня Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу, пасля чаго прыгавор набыў моц.

Трашчынскаму інкрымінавалася супраца з радыёстанцыяй “Беларускае Радыё Рацыя”, якую КДБ 16 студзеня 2024 года абвясціў “экстрэмісцкім фарміраваннем”. 

Як падкрэсліваецца ў заяве, праваабарончая супольнасць “неаднаразова адзначала, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі ў мэтах палітычных рэпрэсій”. 

“Экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, звярнулі ўвагу праваабаронцы, прызнаныя 54 СМІ і медыяарганізацыі.

“Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх супрацоўнікаў, удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў”, — гаворыцца ў заяве. 

Праваабаронцы лічаць, што крымінальны пераслед і асуджэнне Трашчынскага маюць палітычныя матывы і скіраваныя на спыненне яго правамернай дзейнасці, звязанай з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі. Яны запатрабавалі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць мужчыну, кампенсаваўшы яму нанесеную шкоду, адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання ды іншыя правы і свабоды, а таксама неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Human Constanta, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Respect-Protect-Fulfill, Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Міністэрства ўнутраных спраў 17 ліпеня ўключыла яшчэ 22 чалавекі ў спіс “асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Трашчынскі быў сярод іх.

Падзяліцца: