Сваім талентам Святлана Курс назаўсёды ўпісала сваё імя ў беларускую гісторыю — Ціханоўская (дапоўнена)

дададзеныя абзацы 3–8
20 ліпеня, Позірк. Сваімі талентам і працай Святлана Курс “назаўсёды ўпісала сваё імя ў беларускую гісторыю і культуру”, такім чынам дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская адрэагавала на вестку пра смерць пісьменніцы.
“З вялікім болем даведалася пра смерць Святланы Курс. Гэта вялікае гора для блізкіх і сяброў, і вялікая страта для ўсёй Беларусі, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Святлана зараджала беларусаў пазітывам, прыцягвала многіх да беларушчыны, натхняла і заўсёды выпраменьвала аптымізм. Яна была натхненнем для кожнага і кожнай, хто жыў беларускімі справамі, хто любіў Беларусь і рабіў нешта дзеля беларускай справы. Нам будзе вельмі вас не хапаць, Святлана. Вашых словаў, вашых кніг, вашых парадаў і мудрых думак. Светлая памяць”.
Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) адзначыў, што Курс была “не проста беларускай пісьменніцай, якая стала культавай”, але і чалавекам “неверагодных глыбіні і маштабу, носьбітам прыгожай у сваёй кантраверсійнасці беларускасці, абсалютным маральным аўтарытэтам для беларускай інтэлігенцыі”.
“Балюча, што хвароба забрала жыццё ў той, хто ўмела так яго любіць і радавалася нават дробным момантам — і тым, што здарыліся, і тым, што толькі павінныя былі адбыцца, — гаворыцца ў паведамленні АПК. — Святлана давала рады надаць ўсяму беларускаму амаль сакральнае значэнне і прымусіць навакольных ганарыцца і сваёй нацыянальнасцю, і сваёй гісторыяй, і сваім характарам. Пры гэтым яна транслявала збалансаваныя натуральную любоў да навакольных і асцярожнасць там, дзе гэта з’яўляецца пытаннем выжывання і нашага развіцця”.
“Святлана — гэта чалавек, кніг і інтэрв’ю якой ніколі не будзе дастаткова, а яе ўнёсак у беларускую культуру і ў тое, каб беларусы не гублялі аптымізму, складана пераацаніць. Аптымізм — гэта тое, чым мы ёй абавязаныя”, — падкрэсліла палітычная структура, выказаўшы спачуванні сям’і і блізкім пісьменніцы.
Спікер Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан ад імя КР таксама выказаў спачуванні родным, блізкім, сябрам і паплечнікам Курс.
“Святлана Курс была пісьменніцай, журналісткай, перакладчыцай і рэдактаркай, чый голас на доўгія гады стаў часткай беларускай культуры і грамадскай думкі, — адзначыў ён. — Пад псеўданімам Ева Вежнавец яна пісала творы, у якіх глыбокія думкі спалучаліся з жывой народнай мовай і непаўторным адчуваннем беларускага Палесся. Яе кнігі, і найперш аповесць “Па што ідзеш, воўча?”, увайшлі ў залаты фонд сучаснай беларускай літаратуры і атрымалі шырокае міжнароднае прызнанне”.
“Праз усё жыццё Святлана заставалася вернай беларускай мове і беларушчыне, адкрыта адстойвала свабоду слова і чалавечую годнасць. Яна, як і многія іншыя, была вымушана пакінуць Беларусь, але і ў эміграцыі не пераставала жыць Беларуссю. Яе слова, яе мова і яе досвед будуць жыць у беларускай культуры і надалей натхняць тых, хто працягвае змаганне за свабодную і дэмакратычную Беларусь”, — падкрэсліў Брухан.
Курс памерла 20 ліпеня ад анкалагічнага захворвання.
У траўні 2025 года за няпоўныя чатыры дні для Курс сабралі амаль удвая больш за запытаную суму на лячэнне захворвання (каля 20 тыс. еўра).
У апісанні збору гаварылася, што ў літаратара дыягнаставаны рак яечніка з метастазамі ў брушыну і лімфатычныя вузлы.
29 лістапада 2025 года Курс заявіла на сустрэчы з чытачамі, што беларусаў на радзіме “паклалі ў зямлю і закаталі катком”.
“Яны ляжаць і трымаюць зямлю над сабой, каб не памерці, і я бачу, што людзі там сціснутыя, як спружына, — сказала літаратар. — З другога боку, я адчуваю, што хутка заззяе беларуская свабода — нашы няшчасці скончацца, а Беларусь стане вялізным лакаматывам развіцця. Гэта будзе як пратуберанец, гэта будзе як выбух”.
Паводле яе слоў, “як толькі атрымаецца перамагчы альбо калі трохі расійскі імперыялізм аслабне і разам з ім аслабне, натуральна, рэжым Аляксандра Лукашэнкі, распростванне спружыны будзе вельмі моцным”.
Святлана Курс пражывала ў Варшаве. Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца 2021 года за аповесць “Па што ідзеш, воўча?”
Памерла пісьменніца Святлана Курс
Святлана Курс умела ныраць у самыя чорныя прорвы і вынырваць з іх са святлом — Беларускі ПЭН
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 18–20 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія 55 дзён колькасць спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



