Мінск 15:59

На поўначы Літвы знойдзеная буйная партыя нелегальных цыгарэт, у тым ліку беларускіх

Фота: САДМ Літвы

15 траўня, Позірк. Буйная партыя нелегальных цыгарэт знойдзеная ў Радвілішкісе — горадзе на поўначы Літвы, паведаміла 15 траўня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) гэтай балтыйскай краіны.

Адзначаецца, што 12 траўня супрацоўнікі крымінальнай выведкі Вільнюскага памежнага атрада САДМ, працягваючы працэсуальныя дзеянні ў рамках распачатага раней дасудовага расследавання, прыбылі ў двор прыватнага дома ў згаданым горадзе.

Памежнікі праверылі мікрааўтобус “Форд Транзіт” з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі, , які там стаяў. У багажным адсеку былі знойдзеныя 133 скрыні з цыгарэтамі.

“Пабачыўшы супрацоўнікаў САДМ, двое мужчын, якія знаходзіліся ў двары, уцяклі, а трэці замкнуўся ўнутры дома, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля перамоваў і прыбыцця супрацоўнікаў пажарна-выратавальнай службы мужчына выйшаў з дома і быў затрыманы. Высветлілася, што гэта 56-гадовы жыхар Радвілішкіса, гаспадар дома”.

Неўзабаве пасля гэтага на аўтазапраўцы быў затрыманы 39-гадовы жыхар Вільнюса. Памежнікі падазраюць, што гэты мужчына, перасоўваючыся на аўтамабілі “Таёта RAV4”, суправаджаў мікрааўтобус “Форд Транзіт” з кантрабанднымі цыгарэтамі, правяраў дарогу.

Паводле інфармацыі САДМ, падчас аперацыі памежнікі вынялі 66.300 пачкаў цыгарэт розных марак. Частка была з беларускімі акцызнымі маркамі, частка — без якіх бы там ні было акцызных знакаў. Кошт партыі з улікам абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў — звыш 350 тыс. еўра.

Па факце незаконнага абыходжання з падакцызнымі таварамі Вільнюскі памежны атрад распачаў дасудовае расследаванне пад кіраўніцтвам пракурора 2-га аддзела крымінальнага пераследу Вільнюскай акруговай пракуратуры.

Адзначаецца, што за такія дзеянні прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 8 гадоў. Абодва затрыманыя змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання ў сталіцы, ім абрана мера стрымання — арышт.

Памежнікі “высвятляюць месцазнаходжанне асоб, якія ўцяклі з двара ў Радвілішкісе”.

Нелегальныя цыгарэты, а таксама аўтамабілі “Форд” і “Таёта” часова захоўваюцца ў Вільнюскім памежным атрадзе САДМ

Памежная служба не выключае, што ў рамках гэтага дасудовага расследавання могуць быць і новыя затрыманні.

Падзяліцца: