Мінск 11:46

Затрыманы замежнік — стваральнік фінансавай піраміды, заяўляе МУС

Ілюстрацыйнае фота: 8photo / magnific.com

15 траўня, Позірк. Пра затрыманне ў Мінску 25-гадовага замежніка — стваральніка фінансавай піраміды паведаміла 15 траўня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Маладога чалавека затрымалі супрацоўнікі 10-га ўпраўлення (па Мінскай вобласці) ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы байцоў асобнага атрада спецпрызначэння “Рысь” унутраных войскаў МУС.

Сцвярджаецца, што затрыманы “стварыў фінансавую піраміду і за два гады завалодаў грашовымі сродкамі грамадзян Беларусі, Расіі і Грузіі, якія жывуць у сталіцы, на агульную суму 750 тысяч долараў”. “Як бы для ўкладання ў развіццё гандлю папулярнай тэхнікай браў ад пацярпелых грошы ў пазыку, абяцаючы выплаты з працэнтамі. Аднак узятыя на сябе абавязацельствы не выконваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

МУС адзначае, што грошы ён марнаваў “на пластычныя аперацыі жонцы, адпачынак на дарагіх курортах, пералёты бізнес-класам, пражыванне ў люксавых гатэлях, куплю ювелірных упрыгожванняў, брэндавых рэчаў і тэхнікі, наведванне забаўляльных устаноў і рэстаранаў”.

Распачатая крымінальная справа за “махлярства ў асабліва буйным памеры” (верагодна, ч. 4 арт. 209 КК). Санкцыя паводле гэтага артыкула, як паведамляецца, прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: