Яўка на выбарах у КР “вельмі нізкая”, абмяркоўваецца падаўжэнне перыяду галасавання — Прыходзька і Брухан на прэс-канферэнцыі

14 мая, Позірк. “Вельмі нізкай” назвала яўку на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) кіраўніца выбарчай камісіі Алена Прыходзька на прэс-канферэнцыі 14 траўня.
На сярэдзіну дня 14 траўня прагаласавала 789 чалавек.
Яна канстатавала нізкую зацікаўленасць патэнцыйных выбаршчыкаў: “Яна натуральная, таму што свет мяняецца, людзі мяняюцца. На нас уздзейнічае шмат розных фактараў. Менш за ўсё б я звязвала нізкую яўку са страхам, таму што няма ніякіх падстаў баяцца прагаласаваць. Няма падстаў не давяраць камандзе Паўла Лібера і тым тэхнічным сродкам, з дапамогай якіх галасуюць людзі“.
Пры гэтым яна адзначыла, што КР не заклікае людзей у Беларусі галасаваць на выбарах, але лічыць, што прадстаўнікам дыяспары за мяжой баяцца няма чаго.
Спікер КР Арцём Брухан выказаў меркаванне, што фактар страху існуе і сярод людзей, якія пакінулі Беларусь, паколькі рэжым займаецца транснацыянальнымі рэпрэсіямі. Ён пагадзіўся з Прыходзька у тым, што платформа для галасавання бяспечная.
“Мэта любой дыктатуры — дэпалітызацыя грамадства, каб людзі актыўна не ўдзельнічалі ў палітычным, актывісцкім жыцці і не здзяйснялі простых палітычных дзеянняў, напрыклад, не галасавалі на выбарах у КР. Я заклікаю ўдзельнічаць у галасаванні, а спісы больш актыўна за сябе агітаваць“, — сказаў ён.
Верагодней за ўсё, галасаванне працягнецца на дадатковыя 36 гадзін у сувязі з тэхнічнымі праблемамі ў пачатку працэсу, цяпер гэтае пытанне абмяркоўваецца, адзначыў Брухан.
Платформа для галасавання не працавала праз DDoS-атаку на працягу 25 хвілін 12 траўня. Аднак цяпер яна функцыянуе кругласутачна, нягледзячы на тое, што да раніцы 14 траўня DDoS-атакі на яе не спыняліся, паведаміў ІТ-спецыяліст Павел Лібер.
“У красавіку на платформу, дзе былі нашы спісы, было здзейснена каля 18 млрд запытаў, на што рэжым выдаткаваў велізарныя грошы, — сказаў Лібер. — Калі пачалося галасаванне, мы зафіксавалі дзве вялікія DDoS-атакі — адна на 1,9 млрд запытаў, другая — на 1,3 млрд. Цяпер фіксуем кропкавыя запыты (дзясяткі мільёнаў) на розныя кампаненты нашай сістэмы. Мы бачым, што прадстаўнікі рэжыму фокусна і доўга працуюць над тым, каб паспрабаваць намацаць нейкае слабое месца. <…> Там сядзіць выдзеленая каманда, задача якой альбо паваліць сістэму запытамі, альбо, калі гэта не атрымліваецца, намацаць кропкавыя ўразлівасці“.
Паводле слоў Лібера, каля 2% людзей былі верыфікаваныя, але не прагаласавалі. Ён заклікаў пры жаданні прагаласаваць звяртацца ў службу падтрымкі, калі ёсць нейкія складанасці.
Таксама Лібер паведаміў, што плануецца стварыць дадатковую старонку для верыфікацыі і галасавання беларусаў за мяжой на аснове не гугл-сэрвісу, а іншай платформы, з мэтай папярэджання перагрузкі.
12 траўня прагаласаваць на выбарах у КР 4-га склікання заклікаў беларусаў Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).
“Перамены не адбываюцца самі па сабе, яны патрабуюць сістэмнай падрыхтоўкі і моцных інстытутаў, а выбары ў КР — адзін з важнейшых этапаў на гэтым шляху“, — заявіў АПК.
Падкрэслівалася, што выбары і “абраны прадстаўнічы орган“ — “база дэмакратыі“.
Выбары ў КР павінны былі пачацца 11 траўня ў 22:00, аднак былі сарваныя праз магутную DDoS-атаку.
Паўнавартасна працэс выбараў стартаваў 12 траўня ў 12:00. У сувязі з гэтым выбаркам КР прапанаваў падоўжыць перыяд галасавання, які першапачаткова павінен быў завяршыцца 17 траўня ў 23:59.
Прагаласаваць можна на платформе, створанай камандай ІТ-спецыяліста Паўла Лібера. Інструкцыя для ўдзелу ў выбарах апублікаваная ў телеграм-канале АПК.
Адрас платформы ў інтэрнэце трымаўся ў сакрэце з меркаванняў бяспекі.
Плануецца запоўніць 80 месцаў. Зарэгістраваныя 174 кандыдаты, якія ўвайшлі ў дзевяць выбарчых спісаў.
За верыфікацыю выбаршчыкаў (праверку пашпартных даных, фота і інш.) адказвае кампанія Sumsub, якая прайшла дадатковую праверку каманды Лібера.

- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля 26 спакойных дзён Польшча зноў зафіксавала актыўнасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ першым квартале Беларусь дзяліла з Кыргызстанам другое месца ў ЕАЭС па кошце бензіну (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 траўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка


