Мінск 16:13

Казахскі перавозчык спрабаваў незаўважна завезці ў Беларусь буйную партыю кітайскіх тавараў

Фота: прэс-служба ДМК

15 траўня, Позірк. Факт увозу ў Беларусь буйной партыі тавараў замежнай вытворчасці без належнага мытнага дэкларавання высветлілі супрацоўнікі Аператыўнай мытні.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта, “грузавік казахскага перавозчыка з незаконна ўвезенымі таварамі мытнікі дагледзелі пры правядзенні спецмарапрыемстваў”.

“Без дэкларавання з Кітая на адрас беларускага атрымальніка дастаўлена каля 160 тыс. адзінак святлодыёдных свяцілень, біжутэрыі, вырабаў сталовых і кухонных, кулінарных тэрмометраў, LED-лямпаў, ручных інструментаў, касметыкі ды шмат іншага”, — паведаміла ведамства, адзначыўшы, што кошт усёй партыі перавышае 1,7 млн ​​рублёў (звыш 617 тыс. долараў).

Заяўлена, што “дэкларантам працэдуры транзіту таксама выступаў суб’ект гаспадарання з Рэспублікі Казахстан”. У дачыненні да яго Аператыўная мытня распачала адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак пра тавары). Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф у памеры да 30% кошту незаконна ўвезеных тавараў.

Падзяліцца: