Мінск 19:29

Галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду падоўжанае

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал КР

15 траўня, Позірк. Па рэкамендацыі Выбарчай камісіі сябры Каардынацыйнай рады вырашана падоўжыць тэрмін галасавання на паўтара дня — да 12:00 па мінскім часе 19 траўня, паведамляе прэс-служба КР.

За прагаласавалі 37 чалавек, супраць — тры, ніхто не ўстрымаўся. Кворум склаў 40 з 59 дэлегатаў.

У прыватнасці, рашэнне падтрымалі прадстаўнікі фракцый “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду””, “Незалежныя беларускі”, “Еўрапейскі выбар”, “Наша Справа / Беларускія Хрысціянскія Дэмакраты”, “Хопіць баяцца”, а таксама частка пазафракцыйных дэлегатаў.

Супраць выступілі прадстаўнікі фракцыі “Наступ” і адзін пазафракцыйны дэлегат.

“Вельмі нізкай” назвала яўку на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) кіраўніца выбарчай камісіі Алена Прыходзька 14 траўня. На сярэдзіну таго дня прагаласавалі 789 чалавек.

Выбары ў КР павінны былі пачацца 11 траўня ў 22:00, аднак былі сарваныя праз магутную DDoS-атаку.

Паўнавартасна працэс выбараў стартаваў 12 траўня ў 12:00. У сувязі з гэтым выбаркам КР прапанаваў падоўжыць перыяд галасавання, які першапачаткова павінен быў завяршыцца 17 траўня ў 23:59.

Платформа для галасавання не працавала праз DDoS-атаку на працягу 25 хвілін 12 траўня. Аднак цяпер яна функцыянуе кругласутачна, нягледзячы на тое, што да раніцы 14 траўня атакі на яе не спыняліся, паведамляў кіраўнік распрацоўкі, ІТ-спецыяліст Павел Лібер.

За верыфікацыю выбаршчыкаў (праверку пашпартных даных, фота і інш.) адказвае кампанія Sumsub, якая прайшла дадатковую праверку каманды Лібера.

У КР плануецца запоўніць 80 месцаў. Зарэгістраваныя 174 кандыдаты, якія ўвайшлі ў дзевяць выбарчых спісаў.

Падзяліцца: