Мінск 15:27

Супраць галасавання на выбарах у КР зладжаная “вельмі дарагая і якасная аперацыя” — Прыходзька

Кіраўніца выбаркаму КР Алена Прыходзька
Фота: "Позірк"

16 траўня, Позірк. На гэты момант сайт і платформа для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) 4-га склікання працуюць як мае быць, заявіла кіраўніца выбарчай камісіі КР Алена Прыходзька 16 траўня на ўрачыстым “Прыемным прыёме” ў варшаўскім Беларускім моладзевым хабе.

Спікер канстатавала, што пакуль яўка нізкая.

“Мы не можам зараз сказаць, што яўка невысокая толькі таму, што людзі спрабавалі [прагаласаваць] і ў іх не атрымалася, — сказала яна. — Ёсць, канешне, пэўная колькасць людзей, якая спрабавала фізічна гэта зрабіць, ну, проста не дайшла нават да атрымання бюлетэня, проста ў іх там лагала, чалавек раззлаваўся і сказаў: “Ай, потым”. Гэтую колькасць мы пакуль не можам ніяк вылічыць”.

“Але тым не менш, пакуль яўка нізкая. І яшчэ ёсць адзін такі аблігатны прызнак, па якім мы можам сказаць, што яўка нізкая, — гэта колькасць спампаванняў [дадаткаў для галасавання на мабільныя прылады] з iOS і Android. Мы маем дакладныя лічбы па гэтай колькасці. Я вам скажу, спадарства, гэтая колькасць нізкая. <…> Пакуль яўка, проста яўка нізкая нават па колькасці спампаванняў”.

Паводле яе слоў, на гэты момант зарэгістравана 278 спампаванняў дадаткаў на прылады з iOS і 487 — на прылады з Android.

Прыходзька адзначыла, што платформа для галасавання зведала DDoS-атакі, асаблівасцю якіх стала “100-адсоткавая эмуляцыя наведвальнікаў”.

“То бок ты не можаш сказаць, гэта быў бот, ці гэта быў наведвальнік, таму што боты настолькі якасныя, — звярнула ўвагу яна. — То бок гэта галасы па сутнасці з рэальных мабільных прыладаў і з рэальных персанальных кампутараў. Яны маюць IP-адрасы, то бок яны маюць усе прызнакі таго, што гэта проста звычайны наведвальнік”.

“Учора, напрыклад, на адзін сервер <…> было там каля 90 мільёнаў [запытаў], якія прабілі ўсе фаерволы і зайшлі на сервер. То бок тое, з чым маем мы справу зараз, гэта насамрэч беспрэцэдэнтная, скіраваная, вельмі дарагая, вельмі якасная аперацыя. Гэта не нейкая там [сітуацыя, калі] хтосьці пайшоў скупіў сабе ботаў і іх кудысьці падклаў. Гэта аперацыя, якая гатавалася, на якую выдаткоўвалася вельмі шмат грошаў. І па якасці, і па таму, як гэтая аперацыя ўздзейнічае на сістэму бяспекі, можна сказаць, што гэта high level (высокі ўзровень. — “Позірк”.)”, — дадала Прыходзька.

16 траўня ў 13:40 тэлеграм-канал КР паведаміў, што на выбарах прагаласавала 1.237 чалавек.

Выбары ў КР меліся пачацца 11 траўня ў 22:00 (тут і далей — паводле мінскага часу), аднак былі сарваныя праз магутную DDoS-атаку. Паўнавартасна працэс стартаваў 12 траўня ў 12:00. У сувязі з гэтым выбаркам КР падоўжыў перыяд галасавання да 12:00 19 траўня (першапачаткова мусіў скончыцца 17 траўня ў 23:59).

Падзяліцца: