Мінск 16:32

Дарадца прэзідэнта Літвы: Умоў для зносін з Мінскам на палітычным узроўні няма

Фота: pixabay.com

12 траўня, Позірк. Спецыфіка адносін Літвы з Беларуссю “патрабуе падтрымання дыялогу тэхнічнага характару, аднак умоў для зносін на палітычным узроўні няма“, заявіла ў эфіры радыёстанцыі Ziniu radijas 12 траўня галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях знешняй палітыкі Асты Скайсгірытэ.

“Дыялог з гэтай краінай на нармальных падставах вельмі складаны. Ці можам мы мець пэўную лінію, тэхнічную лінію для размовы? Так, можам. <…> Аднак я не бачу цяпер ніякай магчымасці для нармальнага палітычнага дыялогу на ўзроўні кіраўнікоў, паколькі для гэтага няма ўмоў“, — цытуе Скайсгірытэ LRT.

Паведамляецца, што яе заява стала адказам на агучаную на мінулым тыдні прапанову лідара кіруючых сацыял-дэмакратаў Міндоўга Сінкявічуса да вышэйшых органаў улады дамовіцца аб фармаце стасункаў з Беларуссю.

Адзначаецца, што Сінкявічус у інтэрв’ю BNS “выказаў жаданне, каб прэзідэнт і ўрад дамовіліся пра будучыню адносін з Беларуссю, і не выключыў магчымасці перамоваў паміж Вільнюсам і Мінскам“.

Пры гэтым кіраўнік сацыял-дэмакратаў адзначыў, што Літве варта ўдзельнічаць у трохбаковых або двухбаковых кансультацыях з Беларуссю, калі іх арганізацыяй зоймуцца ЗША.

“Спадар [прэзідэнт ЗША Дональд] Трамп не запрашае ні нас, ні Беларусь. Таму лепш не ўдавацца ў гіпатэтычныя развагі, проста цяпер няма ўмоў для правядзення падобных сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў“, — адказала на гэта дарадца прэзідэнта.

“Што будзе ў далейшым, пра тое ў далейшым і пагаворым, а ў дадзены момант такіх умоў няма“, — дадала яна.

Як адзначае LRT, агенцтва BNS раней паведамляла, што ў сакавіку сацыял-дэмакраты замовілі рэпрэзентатыўнае апытанне жыхароў Літвы, праведзенае кампаніяй Baltijos tyrimai. Яно паказала, што амаль 64% рэспандэнтаў адобрылі б афіцыйныя кантакты з Беларуссю на абмежаваным узроўні, напрыклад, на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў.

29 красавіка 2026 года прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене паведаміла аб планах абмеркаваць у чэрвені са сваім польскім калегам Дональдам Тускам магчымасць аднаўлення палітычнага супрацоўніцтва з Мінскам на больш высокім узроўні.

Раней яна заяўляла, што Літва разгледзела б прапанову спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла аб сустрэчы з прадстаўнікамі Беларусі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, калі б Мінск выканаў умовы Вільнюса.

У прыватнасці, паводле слоў кіраўніка ўрада гэтай балтыйскай краіны, гаворка пра тое, што праз мяжу не павінны пералятаць кантрабандныя паветраныя шары; усе затрыманыя ў Беларусі літоўскія грузавікі павінны быць вернутыя без якіх-небудзь дадатковых збораў або фінансавых штрафаў; Мінск павінен спыніць незаконнае перасячэнне мяжы мігрантамі.

Краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі не будуць пераглядаць адносіны з Беларуссю, пакуль яна “застаецца саўдзельніцай вайны“ Расіі супраць Украіны, “працягвае ўнутраныя рэпрэсіі“ і “гібрыдную дзейнасць супраць сваіх суседзяў“, гаворыцца ў прынятай 30 красавіка заяве міністраў замежных спраў краін рэгіёну (Паўночна-Балтыйская васьмёрка, NB8, у якую ўваходзіць і Літва).

Падзяліцца: