Мінск 17:52

Моладзь стане рухавай сілай перамен у Беларусі — Ціханоўская

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

11 траўня, Позірк. Пра неабходнасць рэальных перамен у Беларусі з дапамогай дэмакратычных выбараў і вяртання ў еўрапейскую сям’ю, а таксама пра ролю беларускай моладзі, якая стане рухавай сілай перамен, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 11 траўня на форуме “Моладзь, гендар і дэмакратыя для Беларусі” ў Стакгольме (Швецыя).

Ціханоўская падзякавала Швецыі за тое, што яе ўлады адрозніваюць Беларусь ад Расіі, а беларускі народ ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

“Ізалюючы Лукашэнку з дапамогай санкцый (а санкцыі маюць заставацца ў сіле), вы працягваеце дапамагаць беларускаму народу”, — падкрэсліла дэмлідар.

Палітык нагадала, што Швецыя далучылася да Міжнароднага гуманітарнага фонду, які дапамог сотням вызваленых з турмаў людзей. “Гэтыя людзі прайшлі лячэнне і рэабілітацыю і паступова вяртаюцца да нармальнага жыцця”, — адзначыла яна.

“Паколькі мы чакаем, што ў бліжэйшыя дні і тыдні будзе вызваленая новая група палітычных зняволеных, гуманітарная падтрымка Швецыі будзе мець вырашальнае значэнне”, — дадала Ціханоўская.

Швецыя, паводле слоў палітыка, з’яўляецца другім паводле велічыні — пасля Еўрасаюза агулам — донарам, які падтрымлівае свабодную Беларусь.

“А нервовыя рэакцыі рэжыму — такія як прызнанне ЕГУ і SILC “экстрэмісцкімі арганізацыямі” — толькі даказваюць, што ваша праца дае плён. Няхай гэта вас не бянтэжыць. Гэта значыць, што вы мяняеце сітуацыю да лепшага. І гэта значыць, што мы не мусім скарачаць нашу супрацу — мы маем яго ўмацоўваць”, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская канстатавала, што падтрымка Швецыі ёсць “не дабрачыннасцю, а інвестыцыяй”, у тым ліку ва ўласную бяспеку гэтай скандынаўскай краіны, паколькі “адна толькі вайсковая моц нічога не значыць без людзей, гатовых адстойваць свае каштоўнасці”.

Палітык заклікала інвеставаць у беларускую моладзь, якая “працягвае супраціўляцца — як унутры краіны, так і ў выгнанні”. “Яны плацяць высокую цану: турэмнае зняволенне, выгнанне, рэпрэсіі. Але нішто іх не спыніць. Яны растуць, як кветкі скрозь асфальт. Прыходзяць новыя людзі. Паўстае новае пакаленне — яшчэ больш смелае, творчае і еўрапейскае”, — патлумачыла яна.

Паводле слоў дэмлідара, маладыя беларусы “хочуць удзельнічаць — у палітыцы, у грамадскім жыцці, у стварэнні перамен”, таму трэба падтрымліваць іх, “ствараць магчымасці — праз стыпендыі, абмены, візы — усё, што збліжае беларусаў з Еўропай”.

“Калі для Беларусі адчыніцца новае акно магчымасцей, мы маем быць гатовыя. Гатовыя з моцнымі дэмакратычнымі інстытутамі, моцнай грамадзянскай супольнасцю і моцнымі маладымі лідарамі, здольнымі ўзяць на сябе адказнасць”, — падсумавала палітык.

На II Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі 26 верасня 2025 года ў Варшаве было заяўлена, што за мінулыя да таго моманту паўтара года дзейнасці Міжнароднага гуманітарнага фонду сабрана больш за 2,9 млн еўра, размеркавана звыш 1,3 млн.

Фонд быў створаны Нарвегіяй з ініцыятывы Ціханоўскай. Заснавальнікамі сталі ўрад Нарвегіі, Нарвежскае агенцтва па супрацы ў мэтах развіцця і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт.

Сёлета ў студзені Ціханоўская падзякавала Нарвегіі, Даніі, Швецыі, Ісландыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Люксембургу ды Іспаніі за дапамогу беларусам праз фонд.

Падзяліцца: