Мінск 23:15

Вячорка: Беларусы — адныя з найлепшых экспертаў па “рускім міры” і яго пагрозах

Франак Вячорка
Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

2 траўня, Позірк. Беларусы — адныя з найлепшых экспертаў па “рускім міры”* і яго пагрозах. Такое меркаванне выказаў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка на дыскусіі “Палітычная адвакацыя: выклікі і магчымасці” ў межах V Канферэнцыі беларусаў свету (1-2 траўня, Варшава).

“І гэта тое, што зараз шукае Еўропа, таму што яна сутыкаецца з “рускім мірам”, невядома, як далёка пойдзе Расія, якія пагрозы, што Расія мае на ўвазе [калі пагражае]”, — сказаў Вячорка.

Паводле яго слоў, беларусы сутыкаліся з гэтым “на працягу многіх стагоддзяў, пакаленняў і асабліва ў апошнія гады”. “І нам ёсць чым падзяліцца”, — адзначыў дарадца дэмлідара.

Намеснік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падкрэсліў, што менавіта беларусы — эксперты па Расіі і пытанне толькі ў іх актыўнасці, мабільнасці, ініцыятыўнасці, каб данесці да замежных партнёраў і сапраўдныя намеры РФ, і сапраўдную ступень залежнасці ад яе Аляксандра Лукашэнкі.

Латушка прыгадаў апошнюю дыскусію з неназванымі суразмоўцамі, дзе прагучала прапанова адцягнуць Лукашэнку ад Расіі. У адказ кіраўнік НАУ, паводле яго слоў, прывёў цэлы спіс дакументаў, які той падпісаў з Масквой толькі за апошні час, найперш у вайсковай сферы.

Але шмат хто перакананы, што Лукашэнка ў стане аддаліцца ад Крамля, адзначыў палітык.

* Франак Вячорка выкарыстоўвае словаспалучэнне “рускі мір”, а не “рускі свет”

Падзяліцца: