Мінск 16:47

Зяленскі выступіў супраць далейшага ўцягвання Беларусі ў расійска-ўкраінскую вайну

Фота: старонка Уладзіміра Зяленскага ў "Фэйсбуку"

23 красавіка, Позірк. Супраць далейшага ўцягвання Беларусі ў расійска-ўкраінскую вайну выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адказваючы 23 красавіка на пытанні журналістаў.

“У расіян шмат хворых і фантастычных ідэй. Таму вельмі не хочацца, каб Беларусь была ўцягнутая ў гэтыя фантастычныя ідэі, каб яны ператварыліся ў жудасную рэальнасць”, — цытуе Зяленскага партал hromadske.ua.

17 красавіка пасля дакладу галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Аляксандра Сырскага Зяленскі паведаміў, што ў Беларусі “адбываецца будаўніцтва дарог да Украіны і ўладкаванне артылерыйскіх пазіцый”.

“Лічым, што Расія ў чарговы раз будзе спрабаваць уцягнуць у сваю вайну Беларусь“, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, украінскі бок фіксуе “спробы акупацыйнага кантынгенту правесці перагрупоўку сіл — найхутчэй з мэтай кампенсаваць дэфіцыт асабістага складу“.

У сувязі з гэтым, адзначыў Зяленскі, “становіцца больш відавочным, для чаго на тэрыторыі Беларусі павысілі актыўнасць Узброеных сіл“.

Прэзідэнт паведаміў, што даручыў па адпаведных каналах “перасцерагчы фактычнае кіраўніцтва Беларусі пра гатоўнасць Украіны абараняць сваю зямлю і незалежнасць”.

Як заявіў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка, Беларусь, “падобна, атрымала задачу ад РФ перад іх вяснова-летняй спробай штурмавых дзеянняў на ўсходзе і поўдні [Украіны], трымаць у напружанні нашы сілы“. На ягоную думку, правакацыі з боку Беларусі “будуць памылкай для Лукашэнкі і яго рэжыму”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Увесь гэты час улады практычна без перапынку праводзяць вучэнні сілавога блока.

Падзяліцца: