СК заявіў аб завяршэнні расследавання ў дачыненні да асоб, абвінавачаных у “дзяржздрадзе” за супрацоўніцтва з BelPol і выведкай Украіны

23 красавіка, Позірк. Аб завяршэнні папярэдняга расследавання па дзвюх крымінальных справах аб “здрадзе дзяржаве” паведаміў 23 красавіка Следчы камітэт.
Фігурантамі спраў, як сцвярджаецца, з’яўляюцца асобы, якія “на шкоду нацыянальнай бяспецы перадавалі арганізацыям, якія дзейнічалі пад патранажам замежных спецслужбаў, матэрыялы аб стане спраў” у Беларусі.
У рэлізе ведамства ўтрымліваецца адсылка да падзей 2020 года, калі супраць Беларусі “рыхтавалі розныя сцэнарыі развіцця крызісу, аднак дзякуючы зладжаным дзеянням праваахоўных органаў удалося прадухіліць іх рэалізацыю”.
“Тыя, хто паддаўся напору экстрэмісцкіх рэсурсаў і ўплыву заходніх куратараў, з часам усвядомілі, што сталі толькі інструментам для дасягнення чужых палітычных мэтаў. Асобныя радыкальныя элементы, якія знаходзіліся ў краіне, выкарыстоўваліся замежнымі каардынатарамі ў сваіх інтарэсах”, — заяўляе СК.
Паведамляецца, што ўвосень 2023 года 42-гадовы жыхар Мінска “ўступіў у перамовы з замежнай дэструктыўнай арганізацыяй, якая дзейнічала ў інтарэсах “экстрэмісцкага аб’яднання” пад назвай BelPol (прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем” у снежні 2023 года). Зроблена гэта было з мэтай “збору звестак аб папраўчай калоніі № 1 горада Наваполацка” (Віцебская вобласць), удакладняецца ў паведамленні.
Мужчына нібыта атрымаў банкаўскую карту, залічыў на карт-рахунак грошы, і змясціў у схованку, “пра месцазнаходжанне якой паведаміў замежным куратарам”.
Сродкі, як адзначаецца, прызначаліся для разліку “з яшчэ адным удзельнікам злачыннай групы, які павінен быў высветліць умовы ўтрымання асуджаных і ўстанавіць з імі канал сувязі, а таксама здабыць персанальныя звесткі супрацоўнікаў”.
“Названыя матэрыялы патрабаваліся “дэструктыўным арганізацыям” для стварэння сацыяльна-палітычнага напружання і агрэсіі ў грамадстве. У тым ліку для дыскрэдытацыі праваахоўных органаў праз фарміраванне фэйкавых навін аб жорсткім абыходжанні з асуджанымі, а таксама атрымання персанальных звестак супрацоўнікаў для ціску, вярбоўкі і цкавання іх блізкіх”, — заявілі ў СК.
Адзначаецца таксама, што “фігурант сумесна з 36-гадовым саўдзельнікам” перадавалі атрыманы прыбытак ад падкантрольнай ім прыватнай фірмы за мяжу “экстрэмісцкім фарміраванням” Terra Group Event і SSL Production (абодва — польскія івэнт-агенцтвы, у спіс “фарміраванняў” уключаныя ў канцы 2025 года), “задачай якіх з’яўлялася дэстабілізацыя абстаноўкі ў краіне”.
“Сабраныя сродкі планавалася накіраваць на падрыхтоўку правакацый, вярбоўку радыкалаў і каардынацыю злачынных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 2 арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове) і ч. 4 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса, яны заключаныя пад варту.
Фігурантам іншай крымінальнай справы стаў 68-гадовы пенсіянер Валожынскага раёна (Мінская вобласць), які, як заяўляюць у СК, у ліпені 2022 года быў завербаваны Галоўным упраўленнем выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Украіны.
Мужчына за грошы “стаў збіраць інфармацыю аб мясцовых супрацоўніках міліцыі” для “ціску і правакацый”, а ў наступным — “для ўключэння праваахоўнікаў у антыдзяржаўную дзейнасць у інтарэсах замежных спецслужбаў”.
Акрамя таго, як сцвярджаецца, пенсіянер “размяшчаў каментарыі, якія распальваюць нацыянальную варожасць і варажнечу у дачыненні да асоб рускай нацыянальнасці”.
Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 356 і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК. Ён таксама заключаны пад варту.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 18–22 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ПАСЕ заклікалі Мінск адмяніць смяротнае пакаранне (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ рэйтынгу ЦНІ сярод беларускіх гарадоў першае месца заняў Мінск, у пяцёрку ўвайшлі Смалявічы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



