Мінск 13:20

Бяляцкі абмеркаваў са спікерам Сейма Літвы Олекасам прызнанне ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

23 красавіка, Позірк. Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра Алесь Бяляцкі сустрэўся са спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам, паведаміла 23 красавіка прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

На сустрэчы сярод іншага абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення аб супрацоўніцтве беларускіх дэмсіл і літоўскім парламентам.

Такое пагадненне названае “важным крокам для ўмацавання міжнароднай суб’ектнасці беларускай дэмакратычнай супольнасці”.

Падчас сустрэчы было адзначана, што “пасля папярэдніх кантактаў у Сейме Літвы адбыліся важныя галасаванні па беларускай павестцы”. Асобная падзяка была выказана “спікеру, дэпутацкай групе “За дэмакратычную Беларусь” і ўсім дэпутатам, якія не падтрымалі прапановы ўраўняць беларусаў з грамадзянамі Расіі ў прававым полі Літвы”.

Падкрэслена “сімвалічнае і палітычнае значэнне” ўзняцця бел-чырвона-белага сцяга над Сеймам да Дня Волі — як “знаку салідарнасці з беларускім народам”.

Сярод ключавых пытанняў сустрэчы была таксама сітуацыя вакол Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). “Калі ціск рэжыму разглядаецца як гібрыдная атака, важна не толькі захаваць універсітэт, але і развіваць яго як цэнтр падрыхтоўкі кадраў для новай Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама абмярковаліся пытанні падтрымкі палітвязняў, далейшая роля Літвы ў гэтым кірунку і “роля дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” і яе кіраўніка Русланаса Баранаваса ў развіцці шырокай парламенцкай кааліцыі падтрымкі Беларусі”.

На сустрэчы прысутнічалі таксама дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька, Дзяніс Кучынскі.

14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні з яго складу “экстрэмісцкай арганізацыяй”, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая. Пра гэта абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

На наступны дзень міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС” і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ”.

16 красавіка МЗС Літвы выказала Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне “як палітычна матываванае, неабгрунтаванае, яно парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назвала беспрэцэдэнтным.

Падзяліцца: