Мінск 14:25

У Мастоўскім раёне грамадзяне, якія стаяць на ўліку, прыбіралі камяні пад кантролем міліцыі

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

19 красавіка, Позірк. У Мастоўскім раёне асобы, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, “аказалі практычную дапамогу” сельгаспрадпрыемству “Імя Адама Міцкевіча”, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У рэлізе гэтыя людзі названыя “падуліковымі”. Яны, як заяўляецца, “былі задзейнічаныя ў ачыстцы палёў ад каменя: гэта дазволіць прадухіліць паломку тэхнікі і павысіць ураджайнасць”.

“Таксама яны дапамагалі ў навядзенні парадку ў месцах утрымання маладняку. Да пастаўленых задач грамадзяне паставіліся добрасумленна, аказаўшы аграрыям пасільную падтрымку”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што міліцыя “на сістэмнай аснове працуе з тымі, хто ў сілу розных прычын выпаў з эканамічнага жыцця краіны або мае асацыяльныя звычкі”.

Акцыі па прыцягненні “падуліковых” да сельгаспрац “сталі рэгулярнымі”, адзначае УУС, бо “для тых, хто аднойчы пераступіў закон, праца на зямлі — важны крок да выпраўлення і паўнавартаснага вяртання ў грамадства”.

“Такія мерапрыемствы пацвярджаюць: праца, у тым ліку на свежым паветры і ў сельскай мясцовасці, дысцыплінуе чалавека, дае магчымасць пераасэнсаваць памылкі мінулага і адчуць датычнасць да жыцця раёна”, — падкрэслілі ва УУС.

Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі “працягнуць аказваць садзейнічанне ў працаўладкаванні і сацыялізацыі грамадзян, якія спатыкнуліся, арыентуючы іх на пошук стабільнай крыніцы даходу, бо гэта залог законапаслухмянага ладу жыцця”.

22 сакавіка паведамлялася аб аналагічным мерапрыемстве ў Гродзенскім раёне. У рамках “сацыялізацыі асоб, якія маюць праблемы з законам і часова не занятых у эканоміцы”, беспрацоўныя ўдзельнічалі ва ўборцы тэрыторыі.

У Беларусі ў 2025 годзе “дзякуючы комплекснаму падыходу колькасць не занятых у эканоміцы падуліковых зніжаная больш чым у тры разы”. Такія даныя прывёў на калегіі МУС 30 студзеня першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка.

Падзяліцца: