Мінск 11:53

Чатыры чалавекі сталі ахвярамі агню за суткі, МНС зноў занізіла паказчыкі агульнай смяротнасці на пажарах

Фота: pixabay.com

19 красавіка, Позірк. Чатыры чалавекі сталі ахвярамі агню за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 18 красавіка да 6:00 19 красавіка), сведчаць даныя аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Тры чалавекі загінулі на пажары ў Лідскім раёне (Гродзенская вобласць), смерць аднаго чалавека зафіксаваная ў Магілёве.

Паводле даных МНС, усяго з пачатку года ў Беларусі здарылася 2.713 пажараў (годам раней — 2.288, +18,6%), у тым ліку 37 — за мінулыя суткі. Загінулі 262 чалавекі (218, +20,2%).

Адметна, што чатыры смерці за мінулыя суткі не адбіліся на агульнай статыстыцы МНС у параўнанні са звесткамі за 17 красавіка. Тады і цяпер у зводнай табліцы ведамства была ўказана адна і тая ж колькасць загінулых ад агню — 262.

МНС рэгулярна карэктуе статыстыку па смерцях у бок змяншэння. Раней міністэрства тлумачыла перыядычнае заніжэнне даных тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца — смерць наступіла не праз пажар. Наадварот, як заяўляла ведамства, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: