Мінск 13:34

За суткі ў міліцыю паступіла каля 300 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў — МУС

19 красавіка, Позірк. За мінулыя суткі ў міліцыю паступіла каля 300 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

“Дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пільнасці грамадзян пераважная большасць злачынстваў папярэджана”, — адзначае ведамства.

Усяго, як паведамляецца, зарэгістравана “33 злачынствы, учыненыя з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

МУС у сувязі з гэтым ініцыявала блакаванне сямі фішынгавых інтэрнэт-рэсурсаў (падробленыя гандлёвыя пляцоўкі, банкі або сэрвісы, неадрозныя ад сапраўдных), заблакаваная магчымасць пераводу грошай на 49 замежных плацежных рэквізітаў, прыпыненыя расходныя аперацыі па 309 рахунках.

Затрыманы “адзін кур’ер, які працаваў у інтарэсах аферыстаў”.

“Па спосабе здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў лідзіруе вішынг ад імя службовых асоб (тэлефонныя махлярствы). Затым ідуць купля тавараў на інтэрнэт-пляцоўках, фішынг і гандаль на фінансавых біржах”, — гаворыцца ў паведамленні.

МУС рэкамендавала грамадзянам пры зносінах з тэлефоннымі махлярамі “спыніць размову і паведаміць у міліцыю па нумары 102”.

У 2025 годзе з 54 млн рублёў, выкрадзеных махлярамі ў Беларусі ў грамадзян, 5 млн (9,3%) удалося вярнуць, заявіў у інтэрв’ю “Першаму інфармацыйнаму” тэлеканалу 9 сакавіка старшы следчы па асабліва важных справах аддзела па расследаванні кіберзлачынстваў галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарата Следчага камітэта Максім Караваеў.

Пры гэтым ён выказаў “пэўны аптымізм”, што з’явіцца “тэндэнцыя да павелічэння вяртання грашовых сродкаў”.

На прэс-канферэнцыі 3 лютага ў начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства Следчага камітэта Андрэй Матолька паведаміў, што большасць выпадкаў махлярства (68%) звязана з блакаваннем розных месенджараў, блакаваннем хмарных сэрвісаў і з выкарыстаннем прылад iPhone, яшчэ каля 30% махлярстваў звязана з патрабаваннем грашовага пераводу пад пагрозай распаўсюджвання асабістай інфармацыі, якую чалавек хацеў бы захаваць у таямніцы.

Падзяліцца: