Мінск 14:27

Рыжанкоў возьме ўдзел у пасяджэнні савета міністраў замежных спраў краін СНД, пра выхад з якога заявіла Малдова

Архіўнае відэа: медыяслужба ААН / стоп-кадр: "Позірк"

16 красавіка, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 17 красавіка возьме ўдзел у чарговым пасяджэнні савета міністраў замежных спраў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое пройдзе ў Маскве.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, удзельнікі пасяджэння “заслухаюць выступы кіраўнікоў дэлегацый дзяржаў — удзельніц СНД, абмяняюцца думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і ўзаемадзеяння ў фармаце СНД”.

Адзначаецца, што па выніках пасяджэння плануецца падпісаць шэраг “шматбаковых дакументаў”.

Цяпер паўнавартаснымі членамі СНД з’яўляюцца Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Малдова, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Украіна і Туркменістан, якія не падпісалі прыняты 22 студзеня 1993 года ў Мінску Статут СНД, дэ-юрэ не з’яўляюцца членамі арганізацыі, а могуць быць аднесеныя толькі да заснавальніц і ўдзельніц Садружнасці.

Туркменістан на саміце СНД у Казані (РФ) 26 жніўня 2005 года заявіў, што будзе ўдзельнічаць у Садружнасці ў якасці “асацыяванага члена”. Пры гэтым правядзенне саміту СНД сёлета ў кастрычніку запланаванае ў Ашхабадзе.

Украіна фактычна выйшла з СНД, спыніўшы ўдзел у яго органах у 2018 годзе. Дэ-юрэ краіна застаецца ўдзельніцай Садружнасці, паралельна працягваючы дэнансаваць падпісаныя ў яе рамках пагадненні.

Малдова выйдзе з СНД 8 красавіка 2027 года. Пасля дэнансацыі адпаведных пагадненняў і апублікавання рашэнняў у Афіцыйным весніку 8 ​​красавіка 2026-га Кішынёў накіраваў апавяшчэнне ў сакратарыят арганізацыі ў Мінску. У той жа дзень, паводле інфармацыі кіраўніка МЗС Міхая Папшоя, Малдове паступіла пацвярджэнне, што паведамленне атрыманае.

Фактычна Кішынёў перастаў браць удзел у дзейнасці арганізацыі ў 2023 годзе.

Падзяліцца: