Мінск 11:10

КДБ Беларусі і СЗВ Расіі “актуалізавалі задачы” па сумеснай выведцы

Ілюстрацыйнае фота: Craig Whitehead / unsplash.com

16 красавіка, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Служба знешняй выведкі (СЗВ) Расіі на пасяджэнні калегій 15 красавіка ў Калінінградзе “актуалізавалі задачы ў сумеснай працы па прыярытэтных кірунках выведвальнай дзейнасці”.

Паводле інфармацыі прэс-бюро СЗВ, сустрэчу ўзначалілі дырэктар расійскага ведамства Сяргей Нарышкін і старшыня КДБ Іван Церцель.

Адзначаецца, што бакі “абмеркавалі наяўныя пытанні двухбаковай супрацы ў сферы гарантавання бяспекі Расіі і Беларусі, разгледзелі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння, у тым ліку ў рамках інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы”.

“Кіраўнікі спецслужбаў абмяняліся ацэнкамі стану глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, — гаворыцца ў паведамленні. — Асаблівая ўвага ў ходзе сустрэчы была нададзеная ўдасканаленню форм і метадаў сумеснай працы ва ўмовах цяперашняй геапалітычнай сітуацыі ў свеце. Пацверджаная дамоўленасць пра далейшую каардынацыю ў пытаннях супрацьдзеяння агрэсіўнай палітыцы Захаду ў дачыненні да Расіі і Беларусі”.

Пры гэтым, як сцвярджаецца, “першараднай задачай абазначанае забеспячэнне кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь актуальнай і дакладнай інфармацыяй пра падрыўныя планы краін Захаду і блока НАТО на постсавецкай прасторы і звязаных з гэтым пагроз для Саюзнай дзяржавы”.

На сустрэчы “падкрэсленая неабходнасць актывізаваць узаемадзеянне з мэтай недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы носьбітаў экстрэмісцкай ідэалогіі і тэрарыстаў-баевікоў”.

Сёлета 9 лютага СЗВ заявіла, што заходнія краіны плануюць правесці “дбайную “інвентарызацыю” беларускіх апазіцыйных кадраў на прадмет іх выкарыстання ў падрыўной дзейнасці”. Паводле сцвярджэння спецслужбы, “мяркуецца сфармаваць рэсурс “раззлаваных на Аляксандра Лукашэнку” з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары 2030 года”.

Акрамя таго, як сцвярджала СЗВ, Захад спадзяецца “аслабіць повязь Мінска і Масквы ў рамках Саюзнай дзяржавы і ўскладніць дасягненне мэтаў спецаперацыі” (імаверна, гаворка ішла пра развязаную РФ вайну супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Крэмль).

Аляксандр Лукашэнка апошні раз сустракаўся з Нарышкіным у Мінску — роўна за год да ўчорашняга пасяджэння калегій, 15 красавіка 2025-га.

Па выніках той сустрэчы кіраўнік СЗВ заявіў журналістам, што ў выпадку магчымай агрэсіі НАТО супраць Беларусі і РФ першымі пацерпяць Польшча і краіны Балтыі, якія “выбіваюцца высокай агрэсіўнасцю”.

Падзяліцца: