Мінск 10:45

Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі не зможа пазбавіць нас еўрапейскай будучыні, якую мы падзяляем з Украінай

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

16 красавіка, Позірк. “Рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі не зможа заблакаваць доступ да ведаў або пазбавіць нас еўрапейскай будучыні, якую мы падзяляем з Украінай”, — падкрэсліла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, рэагуючы на ​​заяву кіраўніка ўкраінскага МЗС Андрэя Сібігі пра гатоўнасць ВНУ яго краіны прымаць беларусаў.

“Дзякуй за тое, што вы падтрымліваеце беларускую моладзь і выразна заяўляеце, што дзверы ўкраінскіх універсітэтаў застаюцца для яе адчыненымі”, — звярнулася палітык да кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Сібіга выказаўся наконт магчымасці беларусаў навучацца ў ВНУ Украіны на фоне таго, што ўлады ў Мінску абвясцілі Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ), што працуе ў Вільнюсе, “экстрэмісцкай арганізацыяй”. На яго думку, гэтым крокам рэжым Лукашэнкі “здзейсніў чарговае злачынства супраць уласных грамадзян”.

“Лукашэнка і яго саўдзельнікі спадзяюцца, што такім чынам у іх атрымаецца ўтрымаць маладое пакаленне ў “савецкай” арбіце і таксічным мінулым, пазбавіўшы іх еўрапейскай будучыні, — падкрэсліў міністр. — Аднак намаганні рэжыму марныя; у нікога яшчэ не атрымлівалася па-сапраўднаму заблакаваць шлях да ведаў. Мы цвёрда стаім на баку свабоднай моладзі Беларусі. Дзверы ўкраінскіх адукацыйных устаноў застаюцца для іх адчыненымі”.

У падтрымку ЕГУ выступілі міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, знешнепалітычныя ведамствы Швецыі, Эстоніі, Еўрапейская служба знешніх дзеянняў ды інш.

14 красавіка Вярхоўны суд прызнаў “экстрэмісцкімі” замежную арганізацыю “Еўрапейскі гуманітарны універсітэт” і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яе склад. Пра гэта абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

Наглядны орган паведаміў пра забарону дзейнасці ЕГУ “з выкарыстаннем сімволікі і атрыбутыкі” на тэрыторыі Беларусі.

“Універсітэт — свайго роду беларуская ВНУ ў выгнанні, гэтак яны сябе пазіцыянуюць, — аказвае метадычную, фінансавую ды іншую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак, а таксама дэструктыўных замежных няўрадавых арганізацый, яго выкарыстоўваюць спецслужбы некаторых суседніх краін, каб нанесці шкоду інтарэсам Беларусі ў гуманітарнай, інфармацыйнай і палітычнай сферах”, — заявіў Брылёў.

ЕГУ, паводле сцвярджэння спікера, “выкарыстоўваюць і для таго, каб прасунуць альтэрнатыўныя трактоўкі гістарычных, культурных ды іншых падзей для дасягнення сваіх мэтаў”. Універсітэт нібыта “ўзаемадзейнічае з прадстаўнікамі экстрэмісцкіх і нават тэрарыстычных арганізацый”.

Паколькі праца ўніверсітэта “спалучаная з замахамі на суверэнітэт Беларусі, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку”, а “злачынныя дзеянні шэрагу яго выкладчыкаў і выпускнікоў пацверджаныя матэрыяламі крымінальных спраў пра распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы, пра заклікі да мер абмежавальнага характару, а таксама пра здзяйсненне іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”, суд дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслуг, пасля чаго дзейнасць універсітэта была адноўленая ў Літве.

ЕГУ быў заснаваны “з мэтай надання адукацыі студэнтам з Беларусі і больш шырокага рэгіёна Усходняй Еўропы”. Студэнты атрымліваюць акрэдытаваны дыплом Еўрапейскага саюза, які адкрывае магчымасці для прафесійнага і акадэмічнага развіцця па ўсёй Еўропе і па-за яе межамі, гаворыцца на сайце ЕГУ.

Падзяліцца: