Мінск 11:29

Медаль Праведніка народаў свету прысуджаны яшчэ аднаму беларусу

Фота: амбасада Ізраіля ў Беларусі

15 красавіка, Позірк. Медаль Праведніка народаў свету прысуджаны пасмяротна мінскаму ўрачу Міхаілу Уладысіку.

Часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Цві Міркін 15 красавіка ўручыў дыплом і медаль яго сваяку — Віктару Шадурскаму, паведамляе ізраільская амбасада.

Ад імя сям’і Шадурскі перадаў дыплом і медаль на захоўванне ў сталічны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ураджэнец Мінска Міхаіл Уладысік выратаваў ад немінучай смерці ў мінскім гета яўрэйскага хлопчыка Якава Сітэрмана (у іншых крыніцах Сідаман). У Беларусі ў 2021 годзе праводзілася актыўная кампанія па прызнанні подзвігу Уладысіка.

На сайце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта паведамлялася, што маці хлопчыка дамовілася праз сваю былую хатнюю прыслужніцу Марыю Харэцкую з доктарам Уладысікам — дзіця запісалі ў пашпарт Харэцкай як сына, у хлопчыка з’явілася фальшывае пасведчанне аб нараджэнні на імя Якава Кастусевіча Харэцкага. Напрыканцы ліпеня 1942 сапраўдная маці Якава загінула ў гета.

Сам Уладысік памёр у 1948 годзе.

Якаў Сітэрман пасля вайны пераехаў у Маскву, яго ўсынавіў блізкі сябар бацькі прафесар Этынгер.

Харэцкая памерла ў 1961 годзе ў Маскве, куды пераехала на запрашэнне Сітэрмана. Паводле звестак Міжнароднага яўрэйскага часопіса, у 1997 годзе яна была ўганараваная званнем Праведніка народаў свету.

Праведнік народаў свету — ганаровае званне, якое надаецца ў Дзяржаве Ізраіль прадстаўнікам іншых народаў, якія ў перыяд Халакоста ратавалі або садзейнічалі выратаванню яўрэяў. У свеце сёння вядомыя імёны больш як 25.270 такіх людзей, у тым ліку больш за 790 — з Беларусі, якая займае 8-е месца ў свеце паводле колькасці Праведнікаў народаў свету.

На медалі Праведніка напісаны словы з Талмуда: “Чалавек, які выратаваў адно жыццё, выратаваў усё чалавецтва”.

Падзяліцца: