Мінск 13:29

У Беларусі ўтворана 12.514 выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў

Фота: ЦВК

2 лістапада, Позірк. У Беларусі ўтворана 12.514 выбарчых акруг па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 29 склікання, паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія.

У Мінску будзе 60 акруг, у Брэсцкай вобласці — 1.902, Віцебскай — 2.198, Гомельскай — 2.641, Гродзенскай — 1.568, Мінскай — 2.341, Магілёўскай — 1.804.

Паведамляецца, што па выніках выбараў сфарміруюць 1.284 Саветаў дэпутатаў, у тым ліку 1.127 сельскіх, 7 абласных і мінскі, 118 раённых, 24 гарадскіх, 8 пасялковых.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень галасавання. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: